Гарадзенак вывозілі ў бардэль на Далёкі Усход


Грамадзяне Расеі прыязджалі знаёміцца з гарадзенскімі дзяўчатамі, пасля чаго прапаноўвалі ім працу на выгадных умовах. За мяжу іх перавозілі чыгункаю. Два злачынцы ўжо асуджаныя і дэпартаваныя на радзіму. Вядома, што адзін з іх быў вайскоўцам і на Далёкім Усходзе ўтрымліваў уласны бардэль.

А вось для заходняга кірунку дзяўчат падбірала жыхарка Берасця. Яе затрымалі, ідзе следства. “Жанчына прапаноўвала дзяўчатам працу ў польскім бардэлі, які належаў ейнаму знаёмаму. Цяпер высвятляем іншых фігурантаў справы”, – паведаміў Валерый Лебядзінскі, старэйшы оперупаўнаважаны па асабліва важных справах 11-га ўпраўлення па Гарадзенскай вобласці ГУБАЗіК (Галоўнае ўпраўленне па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй) МУС Рэспублікі Беларусь.

Паводле закону, максімальнае пакаранне за гэтае злачынства прадугледжвае пазбаўленне волі тэрмінам да 15 гадоў з канфіскацыяй маёмасці.

“У мэтах сексуальнай эксплуатацыі людзей, выключна жанчын, перапраўляюць у краіны Еўразвязу (Нямеччына, Польшча, Чэхія), у Турцыю, на Блізкі Усход (Ізраіль, Аб’яднаныя Арабскія Эміраты) і ў некаторыя рэгіёны Расейскай Федэрацыі (Масква і Маскоўская вобласць)”, – адзначае намеснік начальніка Упраўлення вонкавай працоўнай міграцыі, бежанцаў і прытулку Дэпартаменту грамадзянства і міграцыі Аляксандр Татур. Паводле яго, шмат каго з дзяўчат загадзя інфармуюць пра характар працы, аднак падманваюць наконт умоваў працы, побыту і памераў заробку”.

“Сёлета ў сферы процідзеяння гандлю людзьмі выяўлена 69 злачынстваў, звязаных з вывазам 150 чалавек за межы Беларусі ў мэтах эксплуатацыі (47 з іх планаваліся да вывазу). За гэты час органы ўнутраных справаў вызначылі 303 ахвяры гандлю людзьмі, з іх 22 асобы – няпоўнагадовыя”, – удакладняюць у дэпартаменце.

Менеджар “гарачай лініі” 113 НДА “Гендарныя перспектывы” Ірына Пацановіч кажа, што дзяўчаты, якія трапілі ў складаныя ўмовы, звязаныя з працаю, часцей за ўсё звяртацца ў партнёрскія замежныя арганізацыі. “Да нас часцей тэлефануюць іх сваякі. Але такіх зваротаў стала менш. Распрацаваныя заканадаўчыя акты, шмат працы вядзецца дзеля перадухілення гандлю людзьмі і з боку сілавых структураў, і з боку НДА. Перад тым як з’ехаць за мяжу, людзі актыўней цікавяцца сваймі правамі, перспектывамі. Праўда, дагэтуль існуе праблема вуснай дамоўленасці з працадаўцам ці пошуку працы праз інтэрнэт. У такім выпадку гарантыя бяспекі змяншаецца”, – адзначыла эксперт.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары