Родныя Бяляцкага просяць адпусціць вязня на пахаванне бацькі


Сваякі асуджанага праваабаронцы Алеся Бяляцкага просяць Дэпартамент выканання пакаранняў (ДВП) Міністэрства ўнутраных справаў адпусціць асуджанага праваабаронцу на пахаванне ягонага бацькі.

Віктар Бяляцкі памёр 24 снежня на 84-м годзе жыцця. Пахаванне адбудзецца 27 снежня ў Светлагорску (Гомельская вобласць), паведаміў калега Бяляцкага Валянцін Стэфановіч.

На мінулым тыдні родныя Бяляцкага прасілі адпусціць вязня развітацца з цяжкахворым бацькам. 19 снежня суд Першамайскага раёну дазволіў спатканне Бяляцкага з бацькам. Аднак у следчым ізалятары Жодзіна, дзе цяпер трымаюць праваабаронцу, заявілі, што паперы не аформленыя належным чынам. Акрамя таго, у адміністрацыі СІЗА заявілі, што ў іх няма магчымасці канваяваць Бяляцкага ў Менск. Спроба перааформіць дазвол была беспаспяховаю.

24 снежня Наталля Пінчук зноў звярнулася ў Дэпартамент выканання пакаранняў. “Гэтым разам – з просьбаю адпусціць Бяляцкага на пахаванне бацькі”, – сказаў Стэфановіч. Шанцы атрымаць дазвол ён лічыць мінімальнымі.

Віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека, кіраўнік закрытага ўладамі праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесь Бяляцкі 24 лістапада быў прысуджаны да чатырох з паловаю гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. Яго прызналі вінаватым у хаванні даходаў у асабліва буйным памеры. Падставаю для крымінальнага пераследу Бяляцкага стала інфармацыя пра ягоныя замежныя банкаўскія рахункі, перададзеная ў Менск чыноўнікамі Літвы і Польшчы. Грошы з гэтых рахункаў накіроўваліся на падтрыманне ахвяраў палітычных рэпрэсіяў у Беларусі ды на забеспячэнне ім юрыдычнай дапамогі.

belsat.eu

Стужка навінаў