Католікі, грэкакатолікі і пратэстанты адзначаюць свята Божага Нараджэння


У ноч на 25 снежня ўва ўсіх касцёлах Беларусі прайшла святочная імша на беларускай і польскай мовах. Напярэдадні свята арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, метрапаліт Менска-Магілёўскі, звярнуўся да вернікаў з пастырскім пасланнем. У ім, у прыватнасці, гаворыцца, што ў свеце спажывання чалавек не павінен забываць пра духоўныя каштоўнасці і духоўныя карані.

Тайну Богаўцелаўлення «можна прыняць толькі ў духу веры», лічыць Тадэвуш Кандрусевіч. «Сёння з гэтай праўды часта выдаляецца яе рэлігійны змест. Сучасны сусветны гандаль, які не мае нічога супольнага з рэлігіяй, Божае Нараджэнне распачынае ў лістападзе і, з мэтай заахвоціць кліентаў рабіць пакупкі, выкарыстоўвае нават рэлігійную сімволіку. Яна, пазбаўленая свайго першаснага духоўнага значэння, уключаецца ў махіну рэкламы і камерцыі. Рэлігійныя сімвалы служаць нерэлігійным мэтам. Святыя рэчы зводзяцца да ўзроўню тавару. Такім чынам, свет камерцыі прысвоіў сабе Божае Нараджэнне з усімі яго рэквізітамі, акрамя аднаго: ён выкінуў з гэтага свята галоўнага пратаганіста – Езуса», – адзначыў метрапаліт.

«На жаль, у некаторых краінах з вельмі багатаю гісторыяй хрысціянства ў імя так званай паліткарэктнасці, якая ўжо дабралася і да рэлігіі, заўважаецца тэндэнцыя выпустошвання свята Божага Нараджэння з яго хрысціянскай сутнасці. Усё часцей замест паштовак з тэкстам віншаванняў з Божым Нараджэннем з’яўляюцца паштоўкі з сезонным віншаваннем – «Season’s greetings». Знікаюць з публічных месцаў яслі і елкі з рэлігійнымі сімваламі. Гэта яўная тэндэнцыя выкінуць веру з публічнага жыцця людзей і зрабіць яе толькі прыватнаю справаю», – лічыць Тадэвуш Кандрусевіч.

«Калі спажывецкая і ліберальная культура імкнуцца выкінуць хрысціянскія сімвалы са святкавання Божага Нараджэння, нам трэба старацца лепей зразумець сэнс гэтага свята і каштоўнасць яго традыцыяў, якія належаць да спадчыны нашай веры і культуры, каб перадаць іх новым пакаленням і развіваць далей», – падкрэсліў ён.

Метрапаліт нагадвае словы Папы Рымскага Яна Паўла II, які заклікаў вернікаў: «Не бойцеся! Адчыніце дзверы Хрысту». «Адчыніце, бо Ён хоча нарадзіцца і быць у нашых сэрцах і ўмацоўваць іх сваёй ласкаю. Ён дапаможа нам лепей зразумець саміх сябе, наша грамадства і яго праблемы, каб на прынцыпах Евангелля мы маглі развязаць іх годна, як адпавядае нашаму народу. Бо сустрэча з Хрыстом ёсць найлепшым лекам для пагружанага ў крызіс свету. Калі нам пагражаюць духоўная засуха і смерць, у Хрысце ёсць будучыня, жыццё і радасць, – навучаў папа Бэнэдыкт XVI падчас свайго візіту ў Нямеччыну сёлета ў верасні», – гаворыцца ў пасланні Тадэвуша Кандрусевіча.

Рымска-каталіцкі Касцёл Беларусі ўключае 470 парафіяў і 4 дыяцэзіі. Католікі маюць 462 бажніцы і будуюць яшчэ 28 святыняў. Паводле афіцыйных звестак, забяспечанасць вернікаў бажніцамі складае больш за 96 % (гэта самы высокі паказнік сярод усіх канфесіяў у Беларусі). Рымска-каталіцкі Касцёл мае дзевяць місіяў, дзевяць кляштараў і тры навучальныя ўстановы. Службу нясуць 414 ксяндзоў, у тым ліку 164 замежнікі (грамадзяне Польшчы, Літвы, Украіны і Нямеччыны).

У краіне таксама існуюць 14 уніяцкіх парафіяў і 997 пратэстанцкіх суполак 14 кірункаў.

belsat.eu

Стужка навінаў