Пратэсты ў Расеі


Сёння скончыліся два тыдні, дадзеныя расейскім уладам удзельнікамі мітынгаў 10 снежня для выканання іхных патрабаванняў.

За гэты час улады мусілі: вызваліць усіх палітвязняў, адмяніць вынікі парламенцкіх выбараў, звольніць старшыню ЦВК Уладзіміра Чурава і распачаць следства ў справе ўсіх парушэнняў, зарэгістраваць апазіцыйныя партыі ды правесці новыя парламенцкія выбары.

Мітынг скончыўся паўтарэннем патрабаванняў абвешчаных 10 снежня.

***
Пакуль большасць незадаволеных вынікамі выбараў пратэставала на праспекце Сахарава, некалькі тысяч прыхільнікаў партыі ЛДПР сабраліся на Маскоўскай плошчы.

“Вынік ЛДПР – гэта не тыя марныя 12 %, якія яны нам напісалі, а 24 %! Яны скралі ў нас сем мільёнаў галасоў! У ЛДПР мусіць быць 120 дэпутатаў, а не 56. Вы нас за дурняў не трымайце! Мы вам пакажам танцы ў камерах, калі будзеце гэтак паводзіцца. Гэта яшчэ выйшла частка расейскага грамадства! А што, калі выйдуць усе нашыя 14 мільёнаў? Нам хопіць і 10 %, каб знесці вас мірным шляхам. Нам не патрэбныя вашыя гнюсныя падачкі”, – заявіў лідар ЛДПР Уладзімір Жырыноўскі.

***
Пасля Касьянава выступае сустаршыня Партыі народнай свабоды: “У мяне ёсць іншы лозунг: Расея для расейцаў! Вы пагаджаецеся?”. Мітынгоўцы крычаць “Так!”.

***
Выступае былы міністр фінансаў Аляксей Кудрын, ён заклікае прыцягнуць да крымінальнай адказнасці арганізатараў выбарчага працэсу. “Выбары 4 сакавіка трэба правесці на новых умовах. Неабходна стварыць пляцоўку для дыялогу, у іншым выпадку – рэвалюцыя, і мы страцім шанец, які сёння маем. Я за датэрміновыя выбары, трэба склікаць новую ўладу, я гатовы дапамагаць у дыялогу”, – кажа палітык.

***
Як паведамляе маскоўскае кіраўніцтва МУС, колькасць удзельнікаў мітынгу на праспекце Сахарава склала 29 тысячаў чалавек. Увесь час выступаюць арганізатары мітынгу і вядомыя асобы, што падтрымліваюць патрабаванні пратэстоўцаў.

“Мы ведаем, хто яны: яны маленькія, баязлівыя шакалы. У нас скралі нашыя галасы, і мы прыйшлі сказаць: “Вярніце тое, што нашае. Вярніце неадкладна!” Я бачу тут дастатковую колькасць людзей, каб узяць і Крэмль, і Белы дом. Хто тут улада? Мы тут улада!” – прамаўляе блогер Аляксей Навальны і дадае, што наступным разам на вуліцы выйдзе мільен чалавек.

***
Арганізатары мітынгу спадзяюцца сабраць 50 000 удзельнікаў. Сярод вядомых асобаў, якія задэкларавалі свой удзел у пратэстах, пісьменнікі Барыс Акунін і Дзмітрый Быкаў, шоў-ўумэн Ксенія Сабчак, былы міністр фінансаў Аляксей Кудрын, апошні прэзідэнт СССР Міхаіл Гарбачоў і бізнесовец Міхаіл Прохараў.

Аляксей Кудрын ужо прыйшоў на мітынг. Паводле арганізатараў, на 13-ю гадзіну паводле беларускага часу на праспекце сабраліся больш за 20 000 чалавек.

Пратэсты праходзяць таксама і ў іншых гарадах Расейскай Федэрацыі. Гэтак, ва Уладзівастоку, дзе 10 снежня некалькі сотняў чалавек патрабавалі правядзення паўторных выбараў, людзі зноўку выйшлі на Карабельную набярэжную з тымі ж патрабаваннямі, што і масквічы.

Жыхары расейскай сталіцы збольшага пазітыўна ставяцца да патрабаванняў мітынгоўцаў.

“Пуцін аніякіх зменаў не праводзіць – ужо згубілася вера ў яго. Мала хто верыць яму, акрамя асобных аптымістаў. Але кіраванне Пуціна не прывядзе да аніякага прагрэсу. Усё застанецца па-старому”, – кажа мужчына.

“Я ня ведаю – я хаджу на выбары заўсёды, у мяне ёсць людзі, што не ходзяць на выбары прынцыпова. Я кажу, дык вы свой голас камусьці аддаяце, нельга так рабіць”, – кажа жанчына.

“Яны (апазіцыя) могуць унесці нейкі баланс у грамадства і ў дзейнасць Дзяржаўнай думы, якая цяпер, як мне падаецца, проста спіць”, – кажа сталы мужчына.

“Яны нічога не зменяць, не ведаю, павыносяць яны мозг і ўсё так жа і будзе. Усё адно, будзе прэзідэнтам Пуцін ці Мядзведзеў, усё будзе тое ж самае”, – кажа студэнтка.

“Чаму я супраць Пуціна? Я сам з Падмаскоўя, для нас ён анічога не зрабіў, гэтак, як і Мядзведзеў. Усё, што яны абяцаюць, – усё гэта хлусня”, – кажа малады чалавек.

belsat.eu

Стужка навінаў