Парламентарый Анатоль Глаз не задаволены ўрадам


Ён называе неадэкватнаю рэакцыю ўраду на пытанні дэпутатаў.

У Доме ўраду сёння адбылося супольнае паседжанне Савету Рэспублікі і Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі. На ім урад адказваў на пытанні дэпутатаў.

Намеснік старшыні камісіі правоў чалавека, нацыянальных адносінаў і СМІ Палаты прадстаўнікоў Анатоль Глаз паскардзіўся журналістам, што “львіная доля адказаў не ўтрымлівае канструктыўнага сэнсу”.

“Я разумею, што пры сфармаваным бюджэце, інвестыцыйнай праграме ўключэнне дадатковага аб’екту або выдзяленне дадатковых сродкаў практычна не рэальнае. Але гэта не значыць, што пытанне, зададзенае дэпутатам, нельга разгледзець пры фармаванні бюджэту ды інвестыцыйнай праграмы на наступны год”, – абурыўся дэпутат.

Паводле Анатоля Глаза, не зусім адэкватная рэакцыя ўраду на пытанні ёсць прычынаю нізкай актыўнасці дэпутатаў, якія пачалі задаваць меней як вусных, так і пісьмовых пытанняў.

Намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Віктар Бура зніжэнне колькасці пытанняў растлумачыў тым, што “дэпутаты актыўна працуюць з урадам, і большасць пытанняў вырашаецца ў працоўным парадку”.

belsat.eu

Стужка навінаў