Сустрэцца з бацькам Алесь Бяляцкі гэтак і не паспеў…


Сёння, 24 снежня, на 83 годзе пайшоў з жыцця Віктар Бяляцкі, бацька асуджанага праваабаронцы Алеся Бяляцкага.

Дыягназ – рак лёгкага – дактары паставілі ў верасні, ужо пасля арышту Алеся. Было вядома, што Віктару Усцінавічу жыць засталося няшмат. Апошнім часам, калі стан здароўя хворага значна пагоршыўся, родныя прыклалі ўсе намаганні, каб атрымаць дазвол на сустрэчу бацькі з сынам, каб яны змаглі яшчэ паціснуць адзін адному руку, пагаварыць… развітацца.

20 снежня Дэпартамент выканання пакаранняў і суд Першамайскага раёну Менску адмовілі асуджанаму Алесю Бяляцкаму, якога трымаюць у следчым ізалятары Жодзіна, у спатканні з бацькам, што памірае.

“Мы папярэджвалі, што гаворка ідзе не пра дні, а пра гадзіны. Што бацька Бяляцкага можа з сынам не сустрэцца. Але ўсе нашыя просьбы і папярэджанні не мелі вынікаў”, – кажа праваабаронца Валянцін Стэфановіч.

Жонка Бяляцкага Наталля Пінчук 20 снежня пабывала на прыёме ў Дэпартаменце вызначэння пакаранняў. “Я атрымала адказ, у якім гаворыцца: “Ваш зварот разгледжаны. У адпаведнасці з артыкулам 25 Закону Беларусі аб парадку і ўмовах утрымання асобаў пад вартай, асоба, якая змяшчаецца пад варту, мае права на стасункі з абаронцамі, спатканне з блізкімі сваякамі ды сябрамі сям’і ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь у прызначаных для гэтых мэтаў памяшканнях месцах ўтрымання пад вартай. Іншага парадку спаткання для асобаў, у дачыненні якіх прысуд не набыў законнай моцы, не прадугледжана”. Пасля гэтага я паехала ў суд. У вуснай форме старшыня суда Тамара Высоцкая паведаміла мне, што яна не можа перарабіць дазвол на спатканне Бяляцкага з бацькам. Фактычна гэта азначае, што Бяляцкаму забараняецца такое спатканне”, – сказала Пінчук.

19 снежня гэты ж суд даў дазвол на спатканне Бяляцкага з бацькам. Аднак калі жонка праваабаронцы адвезла пісьмовае рашэнне суда ў СІЗА, ёй заявілі, што паперы аформленыя неналежным чынам. Акрамя таго, у адміністрацыі турмы сказалі, што ў іх няма магчымасці канваіраваць Бяляцкага ў Менск і запэўніць бяспеку.

Віцэ-прэзідэнта Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека, кіраўніка зачыненага ўладамі праваабарончага цэнтру “Вясна” Алеся Бяляцкага 24 лістапада прысудзілі да чатырох з паловаю гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. Яго прызналі вінаватым ва ўтойванні прыбыткаў у асабліва буйным памеры. Падставаю для крымінальнага пераследу Бяляцкага стала інфармацыя аб яго замежных банкаўскіх рахунках, перададзеная ў Менск чыноўнікамі Літвы ды Польшчы ў межах двухбаковых пагадненняў аб прававой дапамозе.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары