Змітру Бандарэнку адмовілі ва ўмоўна-датэрміновым вызваленні


Пра гэта распавяла жонка Змітра, Вольга Бандарэнка, якая разам з ягоным бацькам наведала мужа ў Магілёўскай калоніі. Паводле яе, Зміцер пачуваецца па-ранейшаму дрэнна. Аднак камісія палічыла, што стан палітвязня не настолькі крытычны і што ён не стаў на шлях выпраўлення.

“Яму баліць у крыжы, асабліва раніцамі. Тры тыдні запар у яго падвышаны ціск. Рэабілітацыя пасля аперацыі не праводзілася”, – кажа жанчына.

Турэмны лекар адмовіўся даць палітвязню інваліднасць, аргументаваўшы тым, што “для гэтага ён павінен быць без нагі”. Пры гэтым камісія прызнала, што па-ранейшаму мусяць выконвацца ўсе рэкамендацыі, якія яму далі ў шпіталі ў Менску пасля аперацыі.

“Яму нельга быць на холадзе, паварочвацца, нахіляцца, падымаць цяжкія прадметы. Аднак практычна ўсё гэта прыходзіцца рабіць ва ўмовах атраду”, – кажа спадарыня Вольга.

Мінула ўжо палова тэрміну зняволення Бандарэнкі, і гэта ягоны першы прысуд, таму фармальна палітык мае права на ўмоўна-датэрміновае вызваленне. Аднак адмысловая камісія палічыла, што палітык не стаў на шлях выпраўлення.

Вольга Бандарэнка дадае, што з яе мужа, як і з іншых палітвязняў, працягваюць выбіваць прашэнні аб памілаванні.

На ўчорашняй прэсавай канферэнцыі Аляксандр Лукашэнка выказаўся на гэты конт: “Абсалютна канкрэтна вам адказваю: памілую чалавека і магу памілаваць таго, хто да мяне звярнуўся па памілаванне. Не звернуцца – будуць сядзець у турме”.

Зміцер Бандарэнка, паводле ягонай жонкі, хвалюецца пра стан свайго паплечніка Андрэя Саннікава. Палітык выказвае розныя здагадкі наконт таго, чаму экс-кандыдата на прэзідэнты не паказваюць адвакату. Сярод найгоршых версіяў – і цяжкая хвароба, і магчымыя сляды ад пабояў, і нават спроба здзейсніць самагубства.

Паводле парталу “Хартыя’97”, на спадара Бандарэнку ціснулі з прычыны дзейнасці сайту: “У КДБ наўпроставым тэкстам казалі, што ён можа выйсці на волю, каб змяніць палітыку сайту і каб на ім адмянілі мадэрацыю каментароў. Але ён, вядома, адмовіўся”, – паведаміла жонка палітвязня.

belsat.eu

Стужка навінаў