Расейская апазіцыя рыхтуецца да пратэстаў


10 снежня дзясяткі тысячаў людзей выйшлі на вуліцы Масквы, Санкт-Пецярбургу ды іншых расейскіх гарадоў. Абураныя шматлікімі парушэннямі падчас парламенцкіх выбараў, яны далі ўладам час да 24 снежня.

За гэты час улады меліся разгледзець парушэнні на выбарчых участках. “Каруселі”, укіды галасоў, подкуп выбарнікаў: усё гэта дае падставы правесці паўторных выбараў, лічаць арганізатары пратэстаў. Сёння, 24 снежня, яны збіраюцца ў адной толькі Маскве вывесці на вуліцы не менш за 50 тыс.

У дзень першага мітынгу, 10 ж снежня, Дзмітрый Мядзведзеў на сваёй старонцы ў Facebook заявіў: нягледзячы на тое, што не падзяляе лозунгі і заклікі пратэстоўцаў, мае намер разабрацца з выяўленымі фактамі фальсіфікацыі падчас галасавання.

На апошняй каардынацыйнай сустрэчы блогер Аляксей Навальны разам з іншымі арганізатарамі абвесціў пра паўтор патрабаванняў мітынгу 10 снежня.

“У нас ёсць рэзалюцыя папярэдняга мітынгу, яна ў нас засталася: мы патрабуем правядзення новых выбараў, мы не прызнаем вынікаў гэтых выбараў. Мы кажам пра тое, што будзем збірацца, пакуль гэтыя выбары не адбудуцца, аднойчы мы збярэмся і з плошчы не сыдзем”, – зазначыў спадар Навальны.

belsat.eu

Стужка навінаў