Павал Усаў у «Гарачым каментары»


Вялізная зала, чатырыста журналістаў – і той, хто мусіць на іхныя пытанні адказаць. Падсумаваць складаны год, патлумачыць тыя ці іншыя рашэнні ды іх вынікі. Насуперак чаканням, на сённяшняй прэс-канферэнцыі Аляксандра Лукашэнкі пра вынікі года важных пытанняў прагучала мала. Магчыма, таму, што частка журналістаў задаць іх, як заўсёды, пабаялася, а іншыя – не спадзяваліся атрымаць шчырых адказаў.

На прэс-канферэнцыю, што адбывалася ў Нацыянальнай бібліятэцы, запрасілі журналістаў з усіх акрэдытаваных у Беларусі сродкаў масавай інфармацыі – як дзяржаўных, так і незалежных. Канферэнцыя распачалася з кароткага выступу Аляксандра Лукашэнкі ды цягнулася агулам чатыры гадзіны. Падсумоўваючы 2011 год, кіраўнік краіны адзначыў, што ён стаў годам вялікіх урокаў, ды паабяцаў, што наступны будзе значна лепшы.

Паводле палітолага Паўла Усава, Лукашэнка сказаў на прэс-канферэнцыі ўсё тое, што хацеў: эканамічных рэформаў не будзе, паляпшэння дачыненняў з Еўразвязам таксама не прадбачыцца, а палітычная сістэма развіваецца ў тым жа кірунку, што і ў папярэднія гады.

“На маю думку, не варта было спадзявацца пачуць штосьці новае ад Лукашэнкі. Усё гэта ўжо было неаднаразова сказана цягам года. Таксама вельмі важны пасыл – тое, што ён не збіраецца нікога адпускаць з вязніцаў і чакае, што гэтыя людзі будуць зломленыя і напішуць яму прашэнне аб памілаванні. На сённяшні дзень Саннікаў і Статкевіч, якія не зламаліся і не напісалі ніякіх прашэнняў, застаюцца для яго асноўнаю пагрозаю”, – падкрэсліў спадар Усаў.

Палітолаг мяркуе, што Лукашэнка больш нічога не змог бы дадаць – калі б нават захацеў. Ягоны рэсурс пагрозаў і абяцанак вычарпаны.

belsat.eu

Стужка навінаў