БНФ лічыць небяспечнаю інтэграцыю з Казахстанам і Расеяй


Такое меркаванне старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч выказаў 23 снежня на прэс-канферэнцыі ў Менску.

Партыя БНФ неўзабаве мае намер падаць заяўку на правядзенне пікету каля пасольства Казахстану ў Беларусі. Гэтак партыя хоча выказаць пратэст супраць дзеянняў дзяржаўных сілавых структураў Казахстану, ужыванне сілы з боку якіх 16 снежня прывяло да гібелі ды раненняў падчас пратэстаў у Жангаўэзене.

“Мы спачуваем сем’ям і блізкім загінулых і заклікаем улады Казахстану неадкладна спыніць гвалт і правесці аб’ектыўнае і празрыстае расследаванне падзеяў, каб пакараць вінаватых у гібелі людзей”, – заявіў Лялькоў.

Паводле яго, пратэсты ў Казахстане – больш сацыяльнага характару, чым палітычнага. Яны выкліканыя эканамічнымі фактарамі. “Сітуацыя, калі народныя багацці спачатку прыўлашчваюцца кіроўнаю наменклатураю, а потым аддаюцца замежнаму капіталу, а нацыя з гэтага фактычна нічога не мае, – гэта праблема, якая можа стаць актуальнаю для Беларусі неўзабаве. Непразрыстая прыватызацыя, перадаванне на невядомых умовах нашых і нетраў, і прадпрыемстваў ва ўласнасць замежнага капіталу могуць давесці да такога ж сацыяльнага выбуху, як у Казахстане. А мадэль паводзінаў, якую прадэманстравалі казахстанскія сілавыя структуры, можа стацца мадэллю паводзінаў і для беларускіх сілавікоў”, – сказаў Лялькоў.

Лідар партыі Аляксей Янукевіч зазначыў, што з дапамогаю пікету актывісты хочуць звярнуцца не толькі да казахстанскіх уладаў, але і прыцягнуць увагу беларускага грамадства. “Мы мяркуем, што Беларусі не выгадная інтэграцыя з рэжымамі, якія небяспечныя нават для ўласных грамадзянаў. Гэта не тыя стандарты, мадэлі паводзінаў, якія патрэбныя Беларусі. Саюзы, накшталт Еўразійскага, супярэчаць цвярозаму сэнсу. Мы еўрапейская нацыя, якая не мае нічога блізкага ў каштоўнасцях з Казахстанам і Расеяй”, – сказаў ён.

Ігар Лялькоў падкрэсліў, што для партыі гэта першы пікет, заяўка на які будзе падавацца пасля ўнясення паправак у “Закон аб масавых мерапрыемствах”. “Мы атрымаем адказ, ці азначае прыманне гэтых паправак пазбаўленне ўсіх магчымасцяў правесці масавую акцыю, або якія-небудзь магчымасці ўсё-такі засталіся”, – падкрэсліў ён.

Варта зазначыць, што 22 снежня прэзідэнт Казахстану Нурсултан Назарбаеў пайшоў на саступкі пратэстоўцам. Сярод іншага, ён абвесціў пра звальненне свайго зяця Цімура Кулыбаева, які кіруе Фондам нацыянальнага дабрабыту “Самрук-Казына” – уладальніка дзяржпакету нафтаздабыўной кампаніі “КазМунайГаз”, нафтавікі якой некалькі месяцаў баставалі ў Жангаўэзене. Апрача таго, Назарбаеў загадаў разабрацца з праблемамі 1800 звольненых працаўнікоў і як мага хутчэй уладкаваць іх на працу.

belsat.eu

Стужка навінаў