Марына Лобава: Для Эдуарда Раство – галоўнае свята


Маці палітвязня пабачылася з сынам у калоніі.

“Два дні таму была на кароткатэрміновым спатканні. Нам з Эдуардам дазволілі паразмаўляць дзве гадзіны. Размова, як звычайна, была праз шкло і па тэлефоне”, – распавяла “Белсату” Марына Лобава. Жанчына гаворыць, што сын, дзякуй Богу, здаровы і трымаецца бадзёра.

Яе таксама цешыць, што 23 снежня да сына нарэшце дапусцілі святара. І хоць у прысутнасці працаўніка калоніі, але Эдуард Лобаў змог выспаведацца і прычасціцца: “Для Эдуарда гэта вельмі важна. Раство заўсёды было для яго галоўным святам”.

Каб і ў калоніі Эдуард Лобаў хоць крыху адчуў святочны настрой, маці перадала яму каржы для торта, шакаладнага Дзеда Мароза, ёлачныя цацкі, цукеркі ды садавіну, а таксама гародніну для салатаў. Аднак у яе самой, прызнаецца спадарыня Лобава, святочнага настрою няма. “Якія могуць быць святы, калі сын у турме? Але, ведаеце, я вось хаджу па горадзе, еду ў транспарце, і бачу, што і ў звычайных людзей зусім не святочны выгляд – няма ўсмешак, людзі нейкія заклапочаныя, пахмурыя”, – адзначае Марына Лобава.

Жанчына дзякуе ўсім, хто не забываецца пра ейнага сына, дасылае яму паштоўкі ды лісты са словамі падтрымання. І заўважае, што чамусьці часцей даходзяць замоўленыя лісты, тады як звычайныя часцяком “недзе губляюцца”.

Актывіст “Маладога фронту” Эдуард Лобаў быў прэвентыўна затрыманы летась 18 снежня, напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў. Асуджаны на 4 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму. Палітвязень адбывае пакаранне ў Івацэвіцкай калоніі “Ваўчыныя норы”. Цяпер жа за кратамі ў Беларусі застаюцца 14 палітвязняў. Падтрымаць іх можна лістом, паштоўкаю, тэлеграмаю – у тым ліку праз тэлефон 166.

Мікалай Статкевіч, Арцём Пракапенка: 213004, Магілёўская вобл., г. Шклоў, папраўчая калонія № 17;

Андрэй Саннікаў: 211300, Віцебская вобл., Віцебскі р-н, п. Віцьба, ПК № 3;

Зміцер Бандарэнка, Мікалай Дзядок: 213105, г. Магілёў, Слаўгарадская шаша, п/а Вейна, ПК № 15;

Эдуард Лобаў, Аляксандр Францкевіч: 225295, Берасцейская вобл., г. Івацэвічы, “Ваўчыныя норы”, а/с 20, ПК № 22;

Зміцер Дашкевіч: 211791, Віцебская вобл., г. Глыбокае, вул. Савецкая, 205, ПК № 13;

Павал Севярынец: 225143, Берасцейская вобл., Пружанскі р-н, в. Куплін, ПУАТ-7;

Ігар Аліневіч: 211440, Віцебская вобл., г. Наваполацк, вул. Тэхнічная, 8, ПК № 10;

Алесь Бяляцкі: 222160, Менская вобл., г. Жодзіна, вул. Савецкая, 22А, турма № 8;

Мікалай Аўтуховіч: 225293, Берасцейская вобл., г. Івацэвічы, ПК-5;

Яўген Васьковіч: 212011, г. Магілёў, вул. Крупскай, 99а, турма № 4;

Павел Сырамалотаў: 213030, г. Магілёў, Слаўгарадская шаша, 3 км, ПК № 19.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары