Усё паводле закону?


Намеснік кіраўніка праваабарончага цэнтру “Вясна” Валянцін Стэфановіч гаворыць, што найхутчэй Алесь Бяляцкі не зможа развітацца са сваім бацькам.

Ліставанне з Дэпартаментам выканання пакаранняў і Міністэрствам унутраных справаў пакуль плёну не дае, паведаміў “Белсату” праваабаронца.

“У Дэпартаменце выканання пакаранняў гавораць, што ўсё вырашае суддзя, а тая дае незразумелыя адказы. У МУС гавораць, што працэдура складаная, законам не прадугледжана, што канваяваць Алеся Бяляцкага няма каму. І што ўвогуле яны толькі двойчы рабілі выключэнне з правілаў – дазволілі развітацца з маці Змітру Дашкевічу, а таксама нейкаму крымінальнаму аўтарытэту”, – распавядае Валянцін Стэфановіч.

Праваабаронца не бярэцца ацэньваць, чым выкліканае такое жорсткае стаўленне да Алеся Бяляцкага: “Здавалася б, звычайнае чалавечае пытанне. Але вырашыць яны яго чамусьці ці то не могуць, ці то не хочуць…”

Дарэчы, на сённяшняй прэс-канферэнцыі Аляксандр Лукашэнка згадваў пра арыштаванага кіраўніка “Вясны”. Паводле яго, калі б Бяляцкі у Амерыцы не заплаціў падаходнага падатку, “не вылез бы з турмы”. “Так заплаці – дык, можа, і з турмы выпусцяць. Дык не хоча ж і плаціць! Думае, цяпер Еўразвяз прыедзе, Лукашэнку тут пакладзе, як жабу, расцягне, пяты чалавек на грудзі наступіць, і Лукашэнка выпусціць з турмы. Не. Плаці грошы. Тое, што скраў – заплаці”, – заявіў кіраўнік краіны, калі адказваў на пытанне пра неабходнасць палітычных рэформаў у краіне.

Праваабаронцы не прызнаюць высунутых супраць Алеся Бяляцкага абвінавачанняў і называюць справу калегі палітычна матываванаю. Аднак, у надзеі паўплываць на рашэнне Менскага гарадскога суда, які неўзабаве будзе разглядаць скаргу на прысуд Алесю Бяляцкаму, абвесцілі збор сродкаў – каб кампенсаваць нібыта нанесеныя дзяржаве страты. Сума, якую неабходна сабраць, складае 757 526 717 руб.

Любая сума можа быць пералічаная на рахунак, адкрыты на імя жонкі Алеся Бяляцкага:
Філіял № 529 “Белсувязь” ААТ “АСБ Беларусбанк”, код банку 720, аддзяленне 112. № банкаўскага ўкладу: 01053568 (да запатрабавання), від плацяжу: ахвяраванне (або добраахвотны плацеж). Атрымальнік плацяжу: Пінчук Наталля Сяргееўна.

Віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека, кіраўнік пазбаўленага ў Беларусі рэгістрацыі праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесь Бяляцкі быў асуджаны на 4 з паловаю гады пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці. Цяпер праваабаронцу трымаюць у Жодзінскім СІЗА.

belsat.eu

Стужка навінаў