21 снежня, пасля чарговага прызначэння старшынёю Цэнтральнай выбарчай камісіі, Лідзія Ярмошына заявіла, што парламенцкія выбары адбудуцца не пазней за 25 сакавіка. Апазіцыя заклікае да актыўнага байкоту, улады рыхтуюцца да чарговай перамогі. А што думаюць самі выбарцы?
“Ад гэтых выбараў нічога не будзе залежаць, бо мы жывем у такой краіне, пры такой сістэме, якая ўвогуле не змяняецца – і надзеяў на перамены няма. Мае дзеці эмігравалі, і я лічу, што яны слушна зрабілі. Не веру я ў нашую апазіцыю – вельмі слабыя, ні на што не здольныя людзі, а нават як праб’юцца ў парламент, то іх там проста зацюкаюць”, – кажа жанчына сталага веку.
“Думаю, што змены адбудуцца, бо да парламентароў ужо зусім іншыя патрабаванні будуць выстаўляцца ў сувязі з новаю эканамічнаю сітуацыяй”, – мяркуе мужчына.
“Я ўвогуле жыву ў Менскім раёне. Вось на мінулых выбарах, я памятаю, нам зрабілі добрую дарожку, таму мы ўсе дружна прагаласавалі за кандыдата. А сёлета? Я проста не памятаю”, – прызнаецца чарговая рэспандэнтка.
“Я не ўпэўнены, што падлік галасоў будзе крыштальна справядлівы, таму і не думаю, што нешта зменіцца”, – заяўляе малады чалавек.
“Вядома, я лічу, што Беларусь урэшце зойме сваё месца ў міжнароднай супольнасці. Думаю, што выбары будуць свабодныя, дэмакратычныя, справядлівыя і роўныя – і задаволяць усе патрабаванні АБСЕ. Апазіцыя неабходная ў любым грамадстве, іншая рэч – апазіцыя мусіць быць канструктыўная, а тое, што мы маем – гэта адсутнасць апазіцыі”, – мяркуе пажылы мужчына.
belsat.eu