Фільм «Грамадзянін Гавэл» – на «Белсаце»


23 снежня свет развітаўся з Вацлавам Гавэлам – першым прэзідэнтам Чэхіі ды сябрам дэмакратычнай Беларусі, які памёр 16 снежня на 76-м годзе жыцця.

Вацлаў Гавэл, чэшскі палітык, драматург і рэжысёр, быў дысідэнтам і змагаўся супраць савецкага панавання. У 1989 г. у Чэхаславаччыне адбылася «аксамітная рэвалюцыя», якая завершыла эпоху камунізму, а Вацлаў Гавэл зрабіўся яе сімвалам. Ён верыў, што праўда і каханне мусяць перамагчы хлусню і нянавісць.

У памяць пра Вацлава Гавэла 23 снежня «Белсат» паказаў дакументальны фільм «Грамадзянін Гавэл» , а таксама адмысловы кліп, падрыхтаваны рэдакцыяй афармлення эфіру і прамоцыі тэлеканалу.

Пра фільм

Фільм зазірае за кулісы палітычнага і прыватнага жыцця Вацлава Гавэла часоў ягонага прэзідэнцтва. Камера паказвае ягонае хваляванне на першых прэзідэнцкіх выбарах і пакуты падчас рэпетыцыяў першай прэзідэнцкай прамовы. Цікаўнае вока назірае за ім і ў моманты прыватнага жыцця, калі ён злуецца з-за дрэнна пашытых кашуляў або збіраецца класціся ў шпіталь. У фільме раскрываюцца і некаторыя таямніцы чэшскай палітыкі: хто пасадзіў Жака Шырака побач з першаю дамаю? Якія складанасці ўзнікалі пры фармаванні ўрадаў?

Як і ў жыцці Вацлава Гавэла, у фільме важную ролю граюць абедзве ягоныя жонкі, Олга і Дагмар, а таксама сябры і паплечнікі, чэшскія і замежныя палітыкі ды музыкі. Фільм пачаў здымацца ў 1992 г. і адлюстраваў жыццё першага чэшскага прэзідэнта цягам наступных трынаццаці гадоў. У стужцы з’яўляюцца Мэдлен Олбрайт, Біл Клінтан, Кіт Рычардс, Мік Джэгер, Жак Шырак і Джордж Буш Старэйшы.

Рэж. Міраслаў Янэк, Павэл Коўтэцкі, 2008 г., Чэхія (м)

Стужка навінаў