Радослаў Сікорскі павіншаваў беларускіх палітвязняў са святамі


Міністр замежных справаў Польшчы агучыў свае зычэнні для палітычных зняволеных у Беларусі ды ўсёй грамадзянскай супольнасці.

“Нягледзячы на шматлікія нягоды, я зычу вам і вашым самотным сем’ям шчаслівых Калядаў. Раство – гэта час, які мы праводзім са сваімі блізкімі. Вы не атрымалі такога шанцу, але вашая мужная пазіцыя дарыць надзею іншым беларусам”, – напісаў Радослаў Сікорскі ў адмысловым віншаванні для палітвязняў Беларусі.

Сярод тых, каму былі накіраваныя словы міністра: зняволеныя ў вязніцах, у вельмі цяжкіх умовах былыя кандыдаты на прэзідэнта – Мікалай Статкевіч і Андрэй Саннікаў і вядомы абаронца правоў чалавека Алесь Бяляцкі. Падобныя зместам лісты Сікорскі даслаў лідарам дэмакратычных рухаў і праваабаронцам – сярод іх Уладзімір Някляеў, Аляксандр Мілінкевіч, Віталь Рымашэўскі, Анатоль Лябедзька і Станіслаў Шушкевіч.

“Увесь дэмакратычны свет з вамі, – кажа спадар Сікорскі. – Паводле польскага звычаю, трэба пакінуць вольнае месца за святочным сталом. Сёлета яно будзе нагадваць мне пра маіх беларускіх сяброў”.

belsat.eu

Стужка навінаў