На святы Літва ўводзіць дадатковыя пункты спрошчанага пропуску


Памежны рух з Польшчаю будзе працаваць у звычайным рэжыме.

Як паведамілі ў прэс-цэнтры Дзяржаўнага памежнага камітэту (ДПК), на ўчастку аховы беларуска-літоўскай мяжы Лідскага памежнага атраду будуць працаваць пункты спрошчанага пропуску «Пяцкуны – Нарвілішкес», «Геранёны – Кракунай», «Пяцюлеўцы – Ракай».

Час працы часовых першых двух пунктаў, «Пяцкуны» і «Геранёны»: 10:00–17:00 24, 25, 26 і 31 снежня, а таксама 1, 6, 7 і 8 студзеня. Пункт спрошчанага пропуску «Пяцюлеўцы» будзе працаваць з 11:00 да 18:00 24, 25, 26 і 31 снежня ды 1, 6, 7 і 8 студзеня.

Апрача таго, на ўчастку аховы мяжы Смаргонскай памежнай групы 24 і 25 снежня з 10:00 да 17:00 дадаткова адкрыюць пункты спрошчанага пропуску «Клявіца» і «Кемелішкі». Але скарыстацца імі змогуць толькі жыхары памежных тэрыторыяў, удакладнілі памежнікі. Таму пры сабе трэба мець пашпарт з візаю сумежнай дзяржавы.

Што датычыць беларуска-польскай мяжы, то пакуль ніякае пагадненне пра спрошчаны рэжым працы не заключылі. Прэсавы сакратар ДПК Аляксандр Цішчанка мяркуе: улічваючы, што да каталіцкага свята Божага нараджэння застаюцца лічаныя дні, хутчэй за ўсё зменаў у працы памежных пунктаў чакаць не варта, яны будуць функцыянаваць у звычайным рэжыме.

Відаць, зменаў не варта чакаць і на беларуска-латвійскай мяжы. «З гэтага боку вялікіх чэргаў і ў звычайныя дні не назіраецца, таму мы чакаем, што на святы моцнага наплыву таксама не будзе», – заявіў Аляксандр Цішчанка.

belsat.eu

Стужка навінаў