Будаўнікі Астравецкай АЭС гатовыя кінуць працу і з’ехаць у Расею


Працаўнік будаўнічай арганізацыі, якая ўдзельнічае ва ўзвядзенні атамнай электрастанцыі каля Астраўца, распавядае пра тое, што адбываецца на будаўнічай пляцоўцы.

Пляцоўка ўяўляе з сябе кавалак зямлі памерам 2 на 5 км. Цяпер там будуюць адміністрацыйныя і гаспадарчыя памяшканні. «Да аб’ектаў, якія ўзводзяцца на тэрыторыі пляцоўкі, не падведзеная электрычнасць. У маразы мы вымушаныя распальваць вогнішча, каб сагрэцца. Таксама не збудаваныя дарогі, таму грузавыя машыны засядаюць у брудзе. Але па тэлевізары чамусьці паказваюць, што ў нас створаныя ідэальныя ўмовы для працы», – кажа будаўнік.

Пры гэтым кіраўніцтва цісне на працаўнікоў. «Увесь час кажуць, што трэба працаваць хутчэй і хутчэй. Аднак з-за таго, што праект распрацаваны няякасна і многія дэталі не ўлічаныя, мы змушаныя перарабляць то сцены, то падмурак. Гэта вымагае не толькі часу, але і новых сродкаў».

У працаўнікоў ёсць прэтэнзіі і да заробкаў. Некаторыя спецыялісты спадзяюцца перайсці на больш перспектыўную працу ў Расеі.

Атамная электрастанцыя ў Беларусі будуецца паводле расейскага праекту АЭС-2006. Чакаецца, што першы энергаблок будзе запушчаны ў 2017 г., другі – у 2018-м. На думку кіраўніцтва АЭС, беларускія падрадчыкі здольныя выканаць усе агульнабудаўнічыя працы для ўзвядзення збудаванняў атамнай электрастанцыі, у тым ліку і будынак рэактару. «На будаўнічыя працы разлічаныя каля 2,5 мільярдаў долараў ад агульнага кошту праекту АЭС: адна частка пойдзе на агульнабудаўнічыя працы, другая – на цяпло і электрамантажныя працы», – кажа дырэктар беларускай АЭС Анатоль Андрыянаў. Агульны каштарыс Астравецкай станцыі ацэньваецца на $ 9 млрд, аднак гэтая лічба будзе карэктавацца ў залежнасці ад курсавой розніцы на беларускім рынку.

belsat.eu

Стужка навінаў