Менскія чыноўнікі не пусцілі выбарнікаў паслухаць Раманчука і Цярэшчанку


Старшыня Менгарвыканкаму Мікалай Ладуцька распачаў серыю сустрэчаў з жыхарамі Ленінскага раёну. Адна з сустрэчаў адбылася акурат падчас тэлевізійных выступаў апазіцыйных кандыдатаў на пасаду прэзідэнта.

Убачыць кіраўніка гарвыканкаму прыйшлі каля дваццаці жыхароў мікрараёну Лошыца. Людзі чакалі, што чыноўнік адкажа на хвалюючыя іх пытанні наконт праблемаў мікрараёну. Але паўгадзінны маналог Мікалая Ладуцькі датычыў пазітыўнай ацэнкі працы мясцовых уладаў і ўраду ў цэлым. Асобную ўвагу Ладуцька звярнуў на асобу прэзідэнта Лукашэнкі: “У такі няпросты для нашай краіны час мы павінны цаніць шчасце, дадзенае нам Аляксандрам Рыгоравічам”.

Пасля гэтых словаў адзін са слухачоў падняўся і гучна заявіў: “Не магу слухаць гэтае трызненне!”. Ён збіраўся сысці, але ахова не дазволіла пакінуць залу паседжання. Гэтаксама ахоўнікі заміналі і іншым людзям, якія пасля паўгадзіннага выступу збіраліся сысці на прагляд тэлевыступаў кандыдатаў на прэзідэнта: сустрэча акурат супала з выступамі Яраслава Раманчука і Віктара Цярэшчанкі. “Пагледзіце ў запісы! Пакідаць залу забараняю!” –заявіў каля выхаду прэс-сакратар Менгарвыканкаму. Сустрэча скончылася задорнымі песнямі спявачкі Стэлы, якую народ таксама ўспрыняў без асаблівай радасці.

Тым часам жыхары Лошыцы адзначаюць цэлы шэраг праблемаў, якія патрабуюць пільнага разгляду. У прыватнасці, не стае стаянак для асабістых аўтамабіляў, сетка грамадскага транспарту не вытрымлівае вялікага патоку людзей, а будаўніцтва новых васьміпалосных дарогаў пагаршае экалагічны стан у ваколіцах вуліцаў Аранскай і Маякоўскага.

belsat.eu

Стужка навінаў