Шэрэпка: Беларусь не рэагуе на прапанову аб танных візах


Яшчэ ў чэрвені Еўразвяз прапанаваў зрабіць для беларусаў танныя візы і пашырыць катэгорыі льготнікаў. Адказу ад уладаў Беларусі няма дагэтуль.

Яшчэ ў чэрвені прадстаўнікі Польшчы прапанавалі Беларусі пачаць перамовы пра спрашчэнне візавага рэжыму, у выніку якіх беларусы маглі б замест цяперашніх 60 еўраў плаціць за візу 35, як расейцы і ўкраінцы. «Цягам паўгода мы не атрымалі ніякай афіцыйнай рэакцыі ад беларускага боку. Я не магу гэта каментаваць. Можа, у Беларусі проста багатыя людзі, якія могуць плаціць 60 еўраў, а не 35? У нашай прапанове былі і катэгорыі льготнікаў, якія б наогул не плацілі за візу. Але нашы прапановы проста павіслі ў паветры», – распавёў амбасадар Польшчы ў Беларусі Лешэк Шэрэпка на прэс-канферэнцыі ў Менску 22 снежня.

Сярод поспехаў польскага старшынёўства ў Еўразвязе дыпламат назваў падпісанне пагаднення з Расеяй пра малы памежны рух з Калінінградскаю вобласцю. Гаворачы пра перспектывы заключэння аналагічнай дамовы з Беларуссю, Шэрэпка адзначыў: «Польскі бок завяршыў сваю частку яго рыхтавання яшчэ ў верасні летась, але, як я гляджу на тэмпы, мы, напэўна, з Расеяй хутчэй дасягнем выніку, чым з Беларуссю».

Дыпламат падкрэсліў, што ў палітычных пытаннях у адносінах з Беларуссю за час польскага старшынёўства ў ЕЗ поспехаў не было. «Становішча не надта памянялася з таго моманту, як мы пачалі старшынства (1 ліпеня 2011 г. – belsat.eu), – падкрэсліў Шэрэпка. – Быў перыяд, калі здалося, што на ўлады Беларусі паўплывалі нашы аргументы, і яны пачалі выпускаць палітвязняў, але цяпер працэс спыніўся». Шэрэпка нагадаў, што Беларусь адмовілася ад удзелу ў саміце Усходняга партнёрства, які праходзіў у Варшаве ў канцы верасня.

Супрацоўнікаў польскіх консульстваў у Беларусі амбасадар назваў стаханаўцамі паводле колькасці выдадзеных візаў: «У нас ёсць два консульствы – у Берасці і Горадні, кожнае з іх выдала па 100 тысяч візаў сёлета. Перш за ўсё гэта візы для жыхароў памежных зонаў, якія зацікаўленыя ў вядзенні бізнесу ў Польшчы ці ездзяць да нас купляць прадукты, якія ў нас таннейшыя, чым у вас».

Ён паведаміў, што Польшча спрабуе пераканаць Беларусь «забыцца пра не вельмі добрыя палітычныя адносіны і сканцэнтраваць увагу на канкрэтных пытаннях, такіх як малы памежны рух». Паводле інфармацыі амбасадара, польскія ўлады завяршылі ўсе прававыя пытанні, звязаныя з развіццём малога памежнага руху, і чакаюць рэакцыі беларускага боку, які, паводле Шэрэпкі, маўчыць.

«Мы спрабуем развязаць праблему чэргаў за візамі на больш працяглы перыяд. Палова візаў, якія мы даем, выдаецца на год і больш, вядома, пры наяўнасці добрай візавай гісторыі. Павялічыць колькасць консульстваў без дазволу беларускага боку мы не можам», – падкрэсліў дыпламат.

belsat.eu

Стужка навінаў