Еўразвяз дае на Беларусь 50 млн. еўраў і рыхтуе яшчэ 85 млн.


Адносіны Еўрапейскага саюза і Беларусі развіваюцца ў двух прыярытэтных кірунках — якаснае кіраванне і кантакты паміж людзьмі, а таксама эканамічная мадэрнізацыя. Пра гэта паведаміла 22 снежня на прэс-канферэнцыі ў Менску кіраўніца прадстаўніцтва ЕЗ у Беларусі Майра Мора.

“Мы прапануем Беларусі, — удакладніла яна, — прыняць еўрапейскія нормы і стандарты, вядучыя тэхналогіі, сучасны вопыт кіравання, напрацоўкі краін Еўрасаюза ў ажыццяўленні рэформаў у такіх галінах і сферах, як энергетыка, экалогія, бяспека прадуктаў харчавання, развіццё на рэгіянальным і мясцовым узроўнях, вышэйшая адукацыя, транспарт, кіраванне межамі, дзейнасць мытных службаў, міграцыя і іншыя”.

Паводле слоў Моры, цяперашнія праекты ацэньваюцца больш чым у 50 млн. еўра, а праекты амаль на 85 млн. еўра знаходзяцца ў стадыі распрацоўкі і разгляду. “У гэтыя аб’ёмы фінансавання, — канкрэтызавала яна, — уключаны 19,3 млн. еўраў, выдзеленыя на падтрымку грамадзянскай супольнасці Беларусі. Яна прадугледжвае ў тым ліку аказанне дапамогі праваабаронцам, ахвярам рэпрэсіў, выдзяленне беларускім студэнтам стыпендый пры праходжанні вучобы ва ўніверсітэтах Еўрасаюза, фінансаванне Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта, які працуе ў Вільні”.

1 студзеня 2012 г. старшынства ў Еўрасаюзе пераходзіць да Даніі. Як удакладніла Майра Мора, у сувязі з тым, што ў Беларусі няма амбасады Даніі, выконваць функцыі старшыні на гэты перыяд будзе прадстаўніцтва ЕЗ.

belsat.eu
https://youtu.be/p0egKEWuD9I

Глядзі таксама
Каментары