Вынікі года ад Аляксандра Лукашэнкі


Сёння, 23 снежня, кіраўнік дзяржавы праводзіць у Нацыянальнай бібліятэцы прэс-канферэнцыю аб выніках адыходзячага года і далейшых перспектывах развіцця краіны.

На мерапрыемства запрошаны каля 400 журналістаў, якія прадстаўляюць больш за 300 беларускіх дзяржаўных, недзяржаўных, а таксама замежных СМІ, акрэдытаваных у Беларусі. Пачатак – а 12 гадзіне.

Апошняе пытанне: які падарунак папрасіў на Новы год Коля Лукашэнка і сам прэзідэнт краіны?

Што датычыцца малодшага Лукашэнкі, то ніякіх асаблівых святаў у сям’і не прадбачыцца. Але хлопчык марыць пра… зброю. “Не пра нейкія там забаўкі, вы зразумейце мяне правільна, а пра якую-небудзь пнеўматыку, я яму кажу – колькі ж можна, колькі ў цябе ўжо гэтых аўтаматаў. Чакаляткі-цукеркі, яму ж нельга – алергія ў таму падобнае”. – падзяліўся падрабязнасцямі сямейнага жыцця Лукашэнка.

“А усім беларусам жадаю проста ўсміхацца, калі ўсе будуць так усміхацца, як вы, (да журналісткі), то гэта будзе азначаць, што я штосьці правільна зрабіў”. – закончыў на аптымістычнай ноце кіраўнік Беларусі.

Пра еўрапейскіх палітыкаў: Я не мацаў – што ў іх там ёсць, а чаго няма

Лукашэнка запэўніў, што знакамітую фразу пра мужчынскія якасці еўрапейскіх лідараў, якую ён агучыў у інтэрв’ю Сяргею Дарэнку, пачуў у асяроддзі саміх еўрапейскіх палітыкаў. Узгадаўшы пра тое, што ў прэзідэнта Францыі Сарказі нядаўна нарадзілася дачка, кіраўнік Беларусі выказаў спадзеў, што ў яго „не ўсё так кепска”. „А ўвогуле – я не хадзіў, не мацаў што ў іх там ёсць, а чаго няма”, – падсумаваў ён.

„Каб ведаць, як я сплю, трэба са мной спаць”

Ці сапраўды вам стане лягчэй, калі Статкевіч і Саннікаў упадуць перад вамі на калені і ці можаце вы спаць спакойна ў сітуацыі, у якой апынулася краіна? „Каб ведаць, як я сплю, трэба са мной спаць”, – заявіў Лукашэнка. Адносна вызвалення экс-кандыдатаў ён паўтарыў сваё меркаванне – яны мусяць напісаць прашэнне аб памілаванні.

Кісель дрыжачым голасам распавёў анекдот пра Лукашэнку

Пытанні: ці маеце пачуццё гумару, ці ведаеце пра сябе анекдоты і чаму з расейскіх тэлеканалаў выразаюць жарты пра вас? „Няхай жартуюць пра сваіх. Дзе там што выразалі? (Да старшыні праўлення „Другога нацыянальнага тэлеканала” Рыгора Кісяля) Рыгор, што вы там павыразалі?” – „Пару разоў павыразалі, але не жарты, а абразы”, – патлумачыў Кісель. Абодва заявілі, што жартаваць пра Лукашэнку можна толькі пасля жартаў пра Пуціна і Мядзведзева.

„Пра сябе я анекдоты не чытаў, – сказаў Лукашэнка, прыгадаўшы анекдот пра трох прэзідэнтаў у лодцы, праўда распавесці да канца не змог. Анекдот пра тое, як Лукашэнка правёў „выбары” сярод траіх у лодцы і атрымаў пяць галасоў, дрыжачым голасам на просьбу прэзідэнта распавёў Рыгор Кісель.

Пра эканомію: “Абмяжоўваю сябе ў ежы, канькі і клюшкі не купляю, езжу „членавозам”

На пытанне, ці эканоміць ён у святле сваіх рэкамендацыяў працаваць па-еўрапейску, каб атрымліваць еўрапейскія заробкі і заклікаў да народу эканоміць: „Вы мяне папракаеце, што я як насіў сіні касцюм, так і нашу, нягледзячы на крызіс?” – спытаў Лукашэнка, запэўніўшы, што змяніў свае звычкі і носіць касцюмы не іатльянскай, а беларускай вытворчасці. Калі спатрэбяцца італьянскія, Лукашэнка папросіць расейскіх бізнэсмэнаў прафінансаваць пакупку: „Каб вочы не калола”.

„Я не купляў клюшкі, не купляў канькі – у мяне быў запас. Вельмі сябе абмяжоўваю у харчаванні, ем толькі беларускае, замежнае мне ў рот не лезе”, – разгаварыўся прэзідэнт. „Астатняе ўсё як ёсць – жыву ў рэзідэнцыі, у лесе, возяць той жа машынай, што і вазілі, вы яе „членавозам” называеце”, – дадаў ён.

Аднак заробак чыноўнікам кіраўнік краіны зніжаць не збіраецца: „Яны ж разбягуцца, з кім працаваць тады?”

“Знайдзіце Саннікаву нармальную калонію – і няхай жыве там”

На пытанне аб пагаршэнні стану здароўя і ўмоваў утрымання Андрэя Саннікава, Змітра Дашкевіча, Мікалая Аўтуховіча: „А Статкевіч? Чаму пра яго не ўзгадваеце?” Да сілавікоў: „Чалавек просіць за Саннікава, каб не пераводзілі, знайдзіце яму нармальную калонію – і няхай жыве там”.

Вяртаючыся да ўлюбёнай тэзы пра так званы „ўзброены напад” на Дом ураду, Лукашэнка заявіў, што ў ЗША любога ўзброенага „застрэлілі б за паўтары кіламетры ад Белага дому”.

Беларускі народ не дае працаваць рынкавымі метадамі

Як ацэньваць дзейнасць эканамічнага блоку ўраду з увагі на глыбокі крызіс? „Гэта не я распрацаваў эканамічную мадэль, гэта вы, беларускі народ, патрабавалі ад мяне сацыяльна арыентаванай мадэлі эканомікі. Вы мне рынкавымі метадамі працаваць не дазвалялі”, – заявіў Лукашэнка. Ён сказаў, што эканоміка застанецца сацыяльна арыентаванай, каб пазбегчу сцэнару Грэцыі.

“Дай Бог выплаціць тое, што ўзялі”

„Мы не плануем запазычванняў, такой неабходнасці сёння няма <…> Дай Бог выплаціць тое, што ўзялі”, – сказаў Лукашэнка адносна знешніх крэдытаў, заўважаўшы, што „асноўныя грошы сёння ў кітайцаў”.

„Я сатканы з таго, каб выслухваць розныя пункты гледжання”

Лукашэнка яшчэ раз заявіў, што апазіцыя на выбарах прайграе „па законе”. „Я сатканы з таго, каб выслухваць розныя пункты гледжання”, – паведаміў ён. „Я чалавек, які ліслівасць не пераносіць, я адразу шукаю ў такім чалавеку непрыяцеля”, – сказаў Лукашэнка, нагадаўшы пра канфлікт вакол прэм’ер-міністра Міхаіла Мясніковіча.

„Я клянуся самым дарагім і каштоўным, што ў мяне ёсць, я не фальсіфікаваў выбары”, – успомніў Лукашэнка пра падзеі 2010 г. – Які парламент абярэце вы, такі парламент і будзе”.

„Прыязжае да мяне Еўразвяз – зрабіце так, каб там была апзіцыя <…> Я кажу: хлопцы, знайдзіце нармальных людзей. Мы будем іх падтрымліваць <…> Я іх знайшоў. Знайдзіце прозвішчы незамусоленыя”.

„Хто будзе галасаваць за Карпенку, які сядзеў 10 гадоў у турме?” – паказаў сваю “абазнанасць” Лукашэнка.

„Ёсць нармальныя два чалавекі, мы збіраем ім на заводзе людзей, яны не прыязджаюць”, – распавядае Лукашэнка пра хібы апазіцыйнай агітацыі. „Ідзіце ў народ, хлопцы. Не чакайце вы грантаў, як той, што ўзносы не заплаціў, як той, як там яго? Бяляцкі <…> Так заплаці, можа і з турмы выпусцяць. А то ён думае, прыедзе Еўразвяз, Лукашэнку як лягушку расцягнуць і не трэба плаціць будзе! Не – плаці грошы!”

„Усе прысуды аб смяротнай кары праходзяць праз маё сэрца”

Наконт скасавання смяротнай кары і правядзення адпаведнага рэферэндума Лукашэнка заявіў, што „сёння актуальнасць гэтага віду пакарання не знізілася. Тэракт для нас – анамалія”. Ён нагадаў, што смяротная кара існуе ў ЗША.

„Усе прысуды аб смяротнай кары праходзяць праз маё сэрца. І пажыццёвае зняволенне. Адкрываю папку з дакументамі і фотаздымкамі – мне страшна робіцца. Першая рэакцыя – падонкі <…> Іх бы на кавалкі парубіць – і ў ванну. <…> Калі ёсць хоць маленькая зачэпка, што гэта можа быць не зусім дакладна, ён атрымлівае пажыццёвае зняволенне”.

Пра тэракт у менскім метро

Наконт абвінавачванняў у арганізацыі тэракту: „Гэта вельмі балюча для мяне, я чалавек эмацыйны і калі мяне абвінавачваюць у тым, што я кагосьці пакрыўдзіў, грошы скраў… Гэта брахня”.

Лукашэнка нагадаў, што наведаў метро праз 40 хвілін пасля выбуху: „Мяне трымалі за рукі – у нас інфармацыя пра другі выбух. А ў мяне выбара не было – я мусіў туды пайсці, рызыкуючы ўсім”.

Пра беларускую мову

„Хацелася б больш чысціні ў рускай мове, гэта і мяне датычыць. Хацелася б больш чыста па-беларуску размаўляць”, – сказаў Лукашэнка. Ён заявіў, што праблемы з беларускай мовай у нашай краіне не існуе, назваўшы роднай і рускую мову. Без яе “мы жыць не можам, развіваць навуку”. “Калі будзем граць на моўных праблемах – мы зноў разварушым грамадства”, – занепакоіўся ён.

Пра Шаўцова і Пефціева

Наконт затрымання блізкага да кіруючага клану бізнэсоўца Віктара Шаўцова Лукашэнка паведаміў: узбуджана крымінальная справа – вываз грошай, правапарушэнні на будаўніцтве аб’ектаў у Венесуэле.

Пра ад’езд з краіны Уладзіміра Пефціева, паводле Лукашэнкі, ён на прэс-канферэнцыі пачуў упершыню: „трэба ўдакладніць, куды збег”. Праз некаторы час Лукашэнку прынеслі паперку з інфармацыяй пра Пефціева: “Дагэтуль у краіне, нікуды ён не збягаў”, – падсумаваў прэзідэнт.

“Вы што, з трубой хацелі ісці на Крэмль ваяваць?”

Ці не пойдзе Беларусь па шляху страты суверэнітэту, прадаўшы „Белтрансгаз”? Такую небяспеку Лукашэнка назваў „бязглуздзіцай”. „Каб прадаў іх патронам, было б нармальна, – Амерыцы, Еўропе. Чаму Расеі – пытанне толькі ў гэтым. Гэта справа густу”, – паведаміў прэзідэнт, назваўшы продаж выгаднай здзелкай для нашай дзяржавы.

Расея мае іншыя рычагі ўдзеяння на Беларусь, заявіў Лукашэнка: „Вы што, з Расеяй ваяваць сабраліся? Выцягнуць з зямлі гэтую трубу і размахваць ёю, на Крэмль?”

Паводле яго, здзелка была ўвязана з крэдытам на будаўніцтва АЭС, дзякуючы ёй дамагліся паслабак у пастаўках нафты. А якія мэты ставіць перад сабою Расея – прэзідэнт параіў здагадацца самім.

„Пабудуем не два, а тры-чатыры рэактары”

У Астравецкім раёне (Гродзенская вобласць) працягваюцца работы па стварэнні сеткі камунікацый і інфраструктуры маючага адбыцца будаўніцтва АЭС.

Па словах Лукашэнкі, Астравец “ператворыцца ў самы прасунуты горад у нашай краіне, таму што туды прыйдзе тысяч пяць людзей” касмічнай падрыхтоўкі”. “Таму што атамная станцыя – гэта амаль касмічнага ўзроўню тэхналогіі, гэта высокія тэхналогіі на сённяшні дзень. Гэта станцыя самага прасунутага ўзроўню ў свеце, якія толькі сёння ёсць, на якія велізарны попыт у свеце”, – заявіў Лукашэнка.

“Мы такую ​​станцыю пабудуем, два блокі, а можа, і трэці, чацвёрты. Такім чынам, мы <…> будзем экспартаваць электраэнергію”, – адзначыў ён.

Паводле яго слоў, на будаўніцтва АЭС ужо атрыманы расейскі крэдыт у 10 млрд. долараў. Акрамя таго, у стварэнне інфраструктуры будуць выдзелены сродкі з дзяржбюджэту Беларусі.

Пры гэтым Лукашэнка адзначыў, што ён не плануе ствараць нейкую “напружанасць” у раёне будаўніцтва атамнай станцыі. “Калі дзяржава будуе атамную станцыю і вакол гэтага ствараецца напружанне – чакай бяды”. Паводле кіраўніка Беларусі, у раёне пабудовы АЭС існуе рызыка палітычнага напружання. „Мы будзем рабіць усё, каб людзі ў Астраўцы былі задаволены, жылі мірна”, – запэўніў ён.

„Не звернуцца – будуць сядзець у турме”

Так Лукашэнка адказаў на пытанне, ці збіраецца ён памілаваць экс-кандыдатаў на прэзідэнцтва Андрэя Саннікава і Мікалая Статкевіча, а таксама давераную асобу Саннікава Зміцера Бандарэнку, калі яны не звернуцца да яго з адпаведнаю просьбай. Нагадаем, увосень кіраўнік Беларусі памілаваў дванаццаць палітвязняў, якія не падпісалі адпаведнага прашэння.

„Наступны год будзе лягчэйшы”

Закранаючы сёлетнія праблемы ў фінансавай сферы, кіраўнік дзяржавы растлумачыў іх суб’ектыўнымі і аб’ектыўнымі прычынамі. “Што тычыцца эканомікі, то яна ў нас адкрытая, экспартаарыентаваная. Мы велізарную колькасць рэсурсаў закупляем за межамі краіны і пастаўкі гэтых рэсурсаў манапалізаваныя з-за пэўных прычынаў. Мы купляем, перш за ўсё вуглевадародную сыравіну, іншыя сыравінныя рэсурсы ў адной краіны – у Расейскай Федэрацыі. Вельмі складана купляць прыродны газ у іншых краінах. Гэта магчыма, але гэта будзе ў два разы даражэй”, – сказаў Лукашэнка.

Ён асабліва звярнуў увагу на тое, што ў 2011 г. цэны на сыравіну, матэрыялы, камплектуючыя для беларускай эканомікі былі самыя высокія ў гісторыі краіны. “Гэта галоўнае ў эканоміцы, таму што ўсё астатняе, якое залежыць ад нас, было нядрэнным. Гэты год нават чакаецца лепшым па ўсіх параметрах эканамічнага развіцця, чым самыя лепшыя гады, калі мы жылі нядрэнна”, – адзначыў прэзідэнт.

“Наступны год будзе нашмат лягчэй”, – паабяцаў Лукашэнка.

belsat.eu

Стужка навінаў