Вынікі года ад кампаніі «Гавары праўду!»


Што абяцана – зроблена. Не далі толькі дайсці да Плошчы – падсумаваў дзейнасць кампаніі яе лідар Уладзімір Някляеў.

“Я прааналізаваў усё, што сам казаў і абяцаў, або прадстаўнікі кампаніі “Гавары праўду!” абяцалі зрабіць, – нідзе ніводнае слова не разыходзілася з справаю”, – упэўнены лідар кампаніі Уладзімір Някляеў. Аднак, дадаў ён, не ўсё, што планавалася, улады далі магчымасць ажыццявіць.

Паводле Някляева, найцяжэй працаваць з людзьмі, якія застаюцца пад ціскам: “Цяжка ім даказваць, што мы сапраўды зацікаўленыя ў тым, каб змяніліся іхныя жыццё, лёс”, – адзначыў Някляеў .

Паводле інфармацыі каардынатара “Гавары праўду!” Сяргея Вазняка, у межах кампаніі салідарнасці з палітвязнямі ў турмы былі адпраўленыя сотні пасылак і перадачаў, больш за 2000 тэлеграмаў, лістоў і паштовак са словамі падтрымання. Актывісты праводзілі пікеты, дзе распавядалі пра лёс палітвязняў. “Паводле месцаў жыхарства Андрэя Саннікава, Міколы Статкевіча, Дзмітрыя Бандарэнкі, Алеся Бяляцкага мы правялі акцыю “Квартал салідарнасці”, на якой нагадвалі людзям, што іхныя суседзі цяпер у турме”, – адзначыў Вазняк.

Паводле яго, “Гавары праўду!” лічыць вельмі важным тое, што ў летніх акцыях маўклівага пратэсту ўдзельнічаў лідар кампаніі Уладзімір Някляеў, “нягледзячы на ўсе рызыкі”, ды іншыя актывісты, шмат з якіх былі абмежаваныя ў сваіх дзеяннях.

Летась у верасні Някляеў падпісаў з катом Барсікам мемарандум аб узаемаразуменні паміж родам чалавечым і ўсімі хатнімі ды бяздомнымі жывёлінамі. Палітык узяў на сябе абавязанні дамагацца прыняцця закону аб абароне жывёлы; прыкласці намаганні ў справе гуманізацыі працэсу адлову бадзяжных жывёлінаў ды іх утрымання; спрыяць будаўніцтву ў Беларусі прытулкаў і гатэляў для жывёлінаў, а таксама зрабіць унёсак у паляпшэнне якасці кармоў для жывёлы і зніжэнне коштаў на гэтую прадукцыю.

“Дапамогу Барсіку і яго супляменнікам мы не вылучалі асобным пунктам у плане нашай працы, – растлумачыў палітык, – але і я асабіста, і мае таварышы з кампаніі гэтую працу мэтанакіравана праводзім”. Някляеў распавёў, што пасля смерці коткі Басі ягоная жонка Вольга ўзяла дахаты выхаванку з прытулку для жывёлінаў.

belsat.eu
https://youtu.be/V4oqHnh2xag
https://youtu.be/J85Sp41aLns

Глядзі таксама
Каментары