Да канца 2015 года пастаўкі імпартных лекаў скароцяць напалову


Астатні рынак запоўняць айчыннаю прадукцыяй. Гэта прадугледжвае праект Стратэгіі развіцця фармацэўтычнай галіны на перыяд да 2020 г.

Першы віцэ-прэм’ер Уладзімір Сямашка адзначае, што дзякуючы мадэрнізацыі фармацэўтычнай галіны сёння ў Беларусі выпускаюцца лекі практычна ўсіх фармацэўтычных групаў. “Доля лекаў беларускай вытворчасці ў рэспубліцы даведзеная да 41%, а наменклатура прадукцыі, што выпускаюць нашы фармпрадпрыемствы, складае 626 найменняў”, – заявіў чыноўнік.

Тым не менш, востра стаіць праблема “бруднай прамысловасці” на беларускіх фармацэўтычных прадпрыемствах. Як адзначыў у інтэрв’ю “Белсату” прафесар, доктар медычных навук Генадзь Гадавальнікаў, большасць сённяшніх лекаў не вытрымлівае канкурэнцыі ні з польскімі, ні з вугорскімі, ні нават з украінскімі прэпаратамі.

“Нашыя лекі маюць вельмі моцныя пабочныя эфекты. То бок беларускія антыбіётыкі дапамагаюць вылечыць пнеўманію, але чалавек пасля гэтага яшчэ месяц будзе змагацца з пабочнымі эфектамі і суправаджальнымі хваробамі. Стрымліванне замежных лекаў пакуль немэтазгоднае. Эканамічна Беларусь выйграе, але на 50% перайсці на лячэнне айчыннымі сродкамі проста небяспечна: вытворчасць не тая, мадэрнізацыя запаволеная, навуковыя распрацоўкі марудныя”, – падкрэсліў эксперт.

belsat.eu

Стужка навінаў