За праезд па Беларусі з замежнікаў будуць браць 12 еўраў


З 1 студзеня 2012 г. уводзяцца новыя стаўкі платы за праезд па трасе М1 Берасце – мяжа з Расеяй. Цяпер з легкавікоў з расейскімі ды казахстанскімі нумарамі грошай браць не будуць, затое еўрапейцаў папросяць заплаціць больш.

«Цяпер на кожным з чатырох прапускных пунктаў з аўтамабіляў з нумарамі краінаў, якія не ўваходзяць у Мытны саюз, будуць збіраць 3 еўры. Такім чынам, за ўсю транзітную дарогу набярэцца 12 еўраў, – расказаў дырэктар «Белаўтадору» Анатоль Лыцін. – Раней дарога для іх каштавала 6 еўраў. З расяянаў мы раней бралі 2 еўры, цяпер яны могуць ехаць бясплатна».

Такія кошты датычыць аўтамабільных транспартных сродкаў вышынёю не больш за 210 см. А вось фуры будуць плаціць за ўсю дарогу 60 еўраў – і расейскія, і еўрапейскія.

«Сістэма платных дарогаў прымяняецца ў Еўропе шмат дзе. Я нядаўна быў у Чэхіі, там для праезду па некаторых аўтамагістралях трэба набыць спецыяльную віньетку, – кажа адзін з удзельнікаў руху «Стоп бензін» Віктар Высокі. – Дык вось, дазвол на 10 дзён каштуе каля 12 еўраў, і яго павінен заплаціць кожны кіроўца, незалежна ад прыналежнасці да пэўнай краіны. Але я мог ездзіць па краіне хоць цэлымі днямі. У Беларусі ж замежнік заплаціць тыя самыя 12 еўраў за рух у два бакі. Што да зніжкі для беларусаў, то яна, у прынцыпе, зразумелая. А вось чаму за дарогу не павінны плаціць расейцы і казахі – для мяне загадка. Мытны саюз – гэта важна, але калі «Белаўтадору» насамрэч не стае грошай, то маглі б пакінуць тарыф і для іх».

belsat.eu

Стужка навінаў