Каваленку пагражае да трох гадоў зняволення


Віцебскага актывіста Кансерватыўна-хрысціянскай партыі – БНФ Сяргея Каваленку зноў арыштавалі. Пра гэта паведаміла ягоная жонка Алена.

Паводле яе, Каваленку арыштавалі ў межах распачатай супраць яго справы паводле арт. 415 Крымінальнага кодэксу («Ухіленне ад адбывання пакарання ў выглядзе абмежавання волі»). Актывісту пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі.

«Супрацоўнікі Дэпартаменту выканання пакаранняў угледзелі чатыры парушэнні з яго боку. Летась у жніўні ён на хвіліну спазніўся дамоў. 24 сакавіка ён затрымліваўся са сцягамі, а пасля таксама спазніўся дамоў з-за таго, што насіў скаргу на дзеянні супрацоўнікаў міліцыі ў пракуратуру. 8 кастрычніка ён вадзіў сына на хакей і таксама быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі. А 19 снежня яго затрымалі дома супрацоўнікі міліцыі. Яны заявілі, што трэба падпісаць нейкія дакументы. З інспекцыі выканання пакаранняў яго адвезлі спачатку ў аддзяленне міліцыі Першамайскага раёну Віцебску, а потым у ізалятар часовага ўтрымання», – расказала Алена Каваленка.

Яна паведаміла, што сёння яе мужа даставілі ў следчы ізалятар Віцебску. Жанчына заявіла, што ўсе прэтэнзіі да актывіста звязаныя выключна з ягонаю грамадзянскаю пазіцыяй.

Сяргея Каваленку неаднаразова затрымлівала міліцыя за арганізацыю розных акцыяў. У траўні 2010 г. суд Кастрычніцкага раёну Віцебску прыгаварыў яго да трох гадоў пазбаўлення волі ўмоўна за вывешванне бел-чырвона-белага сцяга на галоўнай елцы Віцебску 7 студзеня. Гэты ўчынак улады кваліфікавалі як «наўмысныя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак і выказваюць яўную непавагу да грамадства».

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары