Як гэта было: шлюб Мікалая Статкевіча


Паводле ягонай жонкі Марыны Адамовіч, рэгістрацыя шлюбу заняла дзве хвіліны.

Сужэнцы не абменьваліся пярсцёнкамі: «Гэта было б смешна і недарэчна, калі ўлічваць, што Мікола да апошняй хвіліны, да трэцяй гадзіны, не ведаў, ці адбудзецца рэгістрацыя. […] Да таго, ж месца абсалютна не прыдатнае для цырымоніі: пакой, дзе праводзіцца дагляд рэчаў, – гэта буферная зона паміж лагернай і вуліцаю», – патлумачыла Марына Адамовіч.

20 снежня Марына Адамовіч і Мікола Статкевіч пабраліся шлюбам у шклоўскай калоніі № 17 (Магілёўская вобласць). Ім дазволілі спатканне цягам 24 гадзінаў.

Паводле жанчыны, Мікола схуднеў, але абсалютна не выглядае зняможаным: «Гэта сталёвая мускулатура, нармальны, здаровы, разумны, як заўсёды ўсмешлівы позірк, гэта абсалютна дакладная ацэнка сітуацыі, абсалютна дакладны гумар і вельмі дакладныя фармулёўкі. Я не заўважыла, каб ён змяніўся. Было адчуванне, што проста выходзіў на пяць хвілінаў на кухню, каб зрабіць кавы».

Экс-кандыдат выказвае вялікую падзяку ўсім тым, хто яго падтрымаў, хто піша лісты, чальцам сваёй каманды, якія не спужаліся і захавалі чалавечую годнасць. «Ён перапрашаў, што ў ПКТ не можа адказваць на лісты, бо не мае з сабою канвертаў са зваротнымі адрасамі. «Ён сказаў, што геаграфія лістоў абсалютна неверагодная: ад Ісландыі да Філіпінаў, прычым пішуць не замежнікі, а беларусы, якіх лёс туды закінуў», – перадае Марына Адамовіч.

Падзеі на Плошчы палітык ацэньвае крыху інакш, чым медыі ды сацыяльныя сеткі. Ён лічыць, што адна з галоўных мэтаў была дасягнутая – выяўленне не прымальнай з маральнага, палітычнага, эканамічнага пункту погляду мадэлі паводзінаў беларускай улады.

За кароткі тэрмін Статкевіча зрабілі злосным парушальнікам, спачатку накіраваўшы ў ШІЗА за «памылку» ў вопісе: дзве насоўкі ён пазначыў як сродкі гігіены. Ужо ў ШІЗА яму вынеслі тры папярэджанні за тое, што ў яго не было біркі. «Смешна тое, што ён туды трапіў без біркі, і кожны дзень яму выпісвалі спагнанне за тое, што яна не з’явілася», – гаворыць жонка палітвязня.

Пасля таго як Статкевіч выйшаў з ШІЗА, яго накіравалі ў ПКТ за нібыта справакаваную бойку. Праз дзень была праведзена камісія, якая прыняла рашэнне пра неабходнасць судовага разбіральніцтва з мэтаю вызначэння ягонага далейшага лёсу. «Мікола мяркуе, што гэта адназначная спроба ў вельмі кароткі тэрмін, нават да Новага года, перавесці яго ў турму», – кажа Марына Адамовіч.

belsat.eu

Стужка навінаў