Расея: перадвыбарная лібералізацыя


Прэзідэнт Расеі Дзмітрый Мядзведзеў нечакана заявіў пра неабходнасць палітычных рэформаў у краіне. У прыватнасці, ён заклікаў спрасціць працэдуру рэгістрацыі партыяў і вярнуцца да выбараў губернатараў.

«Хачу сказаць, што я чую тых, хто гаворыць пра неабходнасць зменаў, і разумею іх. Трэба даць усім актыўным грамадзянам законную магчымасць удзелу у палітычным жыцці», – заявіў Дзмітрый Мядзведзеў. Адметна, што пераход ад прызначэння да выбараў губернатараў, які прапаноўвае Мядзведзеў, наўпрост пярэчыць тым рэформам, якія ў свой час правёў Пуцін.

Мядзведзеў запрапанаваў таксама ўвесці спрошчаны парадак рэгістрацыі палітычных партыяў. Аднак пры гэтым кіраўнік краіны папярэдзіў пра недапушчальнасць спробаў «маніпуліраваць людзьмі, уводзіць іх у зман, распальваць сацыяльную варожасць».

Гэтыя заявы прагучалі на фоне сур’ёзнай незадаволенасці і пратэстаў супраць фальсіфікацыі вынікаў парламенцкіх выбараў. Наперадзе прэзідэнцкія выбары, і калі партыю Пуціна падтрымалі толькі каля 50 % удзельнікаў галасавання, што сталася моцным ударам па пазіцыях Крамля, то казаць пра магчымасць пераканаўчай перамогі дзейнага прэм’ера ўжо не выпадае.

belsat.eu

Стужка навінаў