Паганяйла пра «Femen»: Вінаватых нават не будуць шукаць


Кіраўнік юрыдычнай камісіі Беларускага Хельсінкскага камітэту Гары Паганяйла мяркуе, што з выкраданнем актывістак украінскага руху «Femen» звязаныя беларускія сілавыя структуры. Аднак, паводле праваабаронцы, шансаў на тое, што злачынцаў пакараюць, практычна няма.

Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі праводзіць правяранне факту магчымага здзяйснення злачынства ў дачыненні актывістак ўкраінскага руху «Femen». Праваабаронцы ставяцца да гэтага скептычна. «Вінаватых ніхто шукаць не будзе і іх афіцыйна не знойдуць, хоць улады ведаюць, каму даручалася выкананне гэтых дзеянняў, хто нясе адказнасць, і пра тое, што гэтыя дзеянні маюць каральны паводле Крымінальнага кодэксу характар», – заявіў у інтэрв’ю тэлеканалу «Белсат» Гары Паганяйла.

19 снежня ў Менску тры актывісткі «Femen» Іна Шаўчэнка, Аксана Шачко і Аляксандра Нямчынава, агаліўшыся па пояс перад уваходам у будынак КДБ, цягам некалькіх хвілінаў трымалі плакаты з надпісамі «Freedom to political prisoners» («Свабоду палітычным вязням») і «Жыве Беларусь!». Гэты ж лозунг – «Жыве Беларусь!» – яны скандавалі. Акцыя была прымеркаваная да гадавіны разгону апазіцыйнага мітынгу 19 снежня 2010 г., удзельнікі якога былі не згодныя з афіцыйнымі вынікамі прэзідэнцкіх выбараў.

Паводле дзяўчат, іх вывезлі ў лес, дзе пагражалі і ўсяляк здзекаваліся, прымушалі распранацца дагала, аблілі галовы зялёнкаю, прымушалі трымаць плакаты з фашысцкаю свастыкаю. Усё гэта здымалася на відэакамеру.

«Калі гэта здзейснілі працаўнікі КДБ, то ганьба гэтым працаўнікам, яны дзеялі відавочна не ў адпаведнасці з законам і тымі нормамі міжнароднага права ў вобласці правоў чалавека, якія Беларусь забавязалася выконваць. Гэта яшчэ раз даказвае, што ў Беларусі дзейнічаюць бандфармаванні, якія нанятыя або нейкім чынам выкарыстоўваюцца прадстаўнікамі сілавых структураў, напрыклад, КДБ дзеля барацьбы з актывістамі грамадзянскай супольнасці», – падкрэсліў Гары Паганяйла.

belsat.eu

Стужка навінаў