Беларускі дыпламат быў закладнікам?


У МЗС Беларусі адмаўляюцца каментаваць інфармацыю пра выкраданне віцэ-консула беларускай амбасады ў Каракасе, якую распаўсюдзілі венесуэльскія медыі.

«Гарантаванне бяспекі супрацоўнікаў беларускіх дыпламатычных прадстаўніцтваў за мяжою мае найвышэйшы прыярытэт. Інфармацыя па гэтай тэме носіць закрыты службовы характар. З відавочных прычынаў мы не будзем каментаваць гэтых пытанняў», – заявіў прэс-сакратар Міністэрства замежных справаў Андрэй Савіных.

Інцыдэнт адбыўся 16 снежня каля 22:00 каля аднаго з супермаркетаў у раёне Санта-Эдувігіс на поўначы Каракасу, піша Noticierodigital.com.

Група ўзброеных злачынцаў на двух аўтамабілях заблакавала машыну дыпламата і выкрала яго, запатрабаваўшы грошы пад пагрозаю смерці. У ходзе паліцэйскай аперацыі віцэ-консула знайшлі за 12 км ад месца выкрадання, у раёне Эль-Параіса ў заходняй частцы Каракасу, а 2:30.

Называецца імя дыпламата, але зразумець, пра каго ідзе гаворка, немагчыма: Aleksamdr Anekcahap Wkatynob Shakcahap. Tut.by са спасылкаю на ўласныя крыніцы паведамляе, што быў выкрадзены консул Аляксандр Шкатула.

Дыпламата вызвалілі пасля атрымання злачынцамі выкупу.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары