Жыхары Пінску: За трагедыю мусіць адказаць начальства


Прычынаў выбуху на “Пінскдрэве” дагэтуль не назвалі, хоць са дня трагедыі мінуў месяц і правяранне ўжо даўно правялі. Жыхары Пінску ўпэўненыя, што вінаватымі зробяць рабочых прадпрыемства, начальства ж не пакараюць.

Нагадаем, пажар на заводзе “Пінскдрэў-ДСП” здарыўся 25 кастрычніка. Паводле звестак МНС, прычынаю мог быць “выбух адкладанняў драўнянага пылу ў выніку парушэння рэжыму эксплуатацыі абсталявання па вытворчасці драўняна-паліўных гранулаў”. Ахвярамі трагедыі сталі 14 работнікаў прадпрыемства. 16 лістапада пра вынікі расследавання прычынаў пажару на заводзе “Пінскдрэў-ДСП” быў праінфармаваны дзяржаўным сакратар Савету бяспекі Леанід Мальцаў. Пра высновы спецыяльнай камісіі пакуль нічога не вядома.

Жыхары Пінску сцвярджаюць, што прычынаю трагедыі магла стацца кепская арганізацыя працы, у прыватнасці незахаванне правілаў бяспекі. “Начальнік заўсёды мае рацыю – так атрымліваецца. Людзі пацярпелі, і людзей выстаўляюць вінаватымі. А там папросту няма тэхнікі бяспекі, гэта проста не афішуецца”, – заявіў тэлеканалу “Белсат” адзін з жыхароў Пінску.

“Адказ адназначны – вінаватае ў першую чаргу кіраўніцтва “Пінскдрэву”, – адзначыў другі ўдзельнік апытання. – Не выконваліся ўмовы тэхнікі бяспекі, нармальныя ўмовы працы. Пры чым тут рабочыя? Што яны там рабілі? Што яны, выбухі рабілі? Там жа ў гэтым цэху ўвесь час пыл, бруд. Ненармальныя ўмовы працы нават без выбухаў”.

Жыхары Пінску таксама наракаюць на недахоп інфармацыі аб прычынах трагедыі.

belsat.eu

Стужка навінаў