Улады сталіцы бяруцца за апошні некрануты кавалак гістарычнага Менску


Зыбіцкая вуліца (раней Гандлёвая) – “рэканструкцыя” дайшла і да яе. Працы можна было б выканаць бездакорна, і іх вынікам ганарылася б уся Беларусь, кажа старшыня Таварыства аховы помнікаў Антон Астаповіч.

“Яшчэ летась Таварыства распрацавала эскізны праект, які прадугледжваў аднаўленне страчаных гістарычнай планавальнай структуры і збудаванняў, аднак на афіцыйным узроўні яго праігнаравалі, – расказвае ён. – Зараз знайшліся новыя інвестары, дарэчы, з Расеі, і над Зыбіцкаю навісла пагроза. Бо ўжо пачалося праектаванне з боку “Менскпраекту” і “Грамадзянпраекту”, і эскізная прапанова, якая не адпавядае аніводнаму крытэру правядзення працаў на гісторыка-культурных каштоўнасцях, была ўзгодненая”. Недапрацовак хапае: напрыклад, шырыня вуліцы павялічваецца на сем метраў у параўнанні з гістарычным выглядам.

Начальнік кіраўніцтва аховы гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Ігар Чарняўскі, які ўдзельнічаў у выбары канчатковага праекту, даводзіць, што праект Таварыства аховы помнікаў таксама далёкі ад дасканаласці. “Дакладна ўзнавіць забудову немагчыма. Напрыклад, рэчышча Свіслачы змянілася. Там, дзе раней былі пабудовы, цяпер стаіць вада, – тлумачыць ён. – Апроч таго, на тым месцы – магутны вузел камунікацыяў, гэта і калектар, і цеплатраса”. Паводле чыноўніка, дзяржава не мае рэсурсаў на тое, каб паламаць старыя камунікацыі ды стварыць новыя.

Тым не менш Антон Астаповіч заклікае пісьмова звяртацца ў Менгарвыканкам і патрабаваць грамадскага абмеркавання праекту.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары