У Менску падсвятляюць будынкі, пакуль дарогі стаяць у цемры


Менгарвыканкам вырашыў, што шматмільярдных даўгоў за падсветку будынкаў мала, і таму да чэмпіяната свету па хакеі ілюмінацыя будзе ўстаноўленая яшчэ на 100 аб’ектах.

“Гарадскімі ўладамі распрацаваная канцэпцыя гарадской ілюмінацыі, – расказвае дырэктар “Менгарсвятла” Славамір Грыневіч. – Асаблівую ўвагу надзелім Заводскаму раёну, дзе будзе знаходзіцца “Чыжоўка-Арэна”. Падсвятляць будзем і сам мікрараён Чыжоўка”.
Зараз у Менску падсвятляецца 500 будынкаў. Што да кошту такой забаўкі, то, па словах Грыневіча, гадзіна ілюмінацыі каштуе 1,5 мільёна рублёў. Зімой яна ўключаная штодзень па 6 гадзін.

За адзін з восенькіх месяцаў адна толькі падсветка “Менск-Арэны” пацягнула на $200 тысяч. Кіраўніцтва спартыўнага комплексу і гарадскія ўлады доўга не маглі вырашыць, хто будзе плаціць грошы.

“Многія кіроўцы наракаюць, што ліхтары ўключаюць занадта позна, а выключаюць – рана, – кажа адзін з удзельнікаў руху “Стоп-бензін” Віктар Высокі. – Звярніце ўвагу: 8:30 раніцы, яшчэ цёмна, а асвятленне ўжо выключана. Я ўжо не кажу пра тое, што ў мэтах эканоміі працуе адзін ліхтар з трох. Ашчаджаць трэба, а не на бяспецы і здароўі людзей. Упэўнены, калі б у менчукоў спыталі, асвятляць дарогі ці будынкі, большасць абрала б першы варыянт”.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары