Вольга Паповіч у “Гарачым каментары”


“Мы заклікаем жанчын прыходзіць, распранацца і перамагаць рэжым Лукашэнкі”. Такім чынам звярталіся актывісткі ўкраінскага руху “Femen” да беларусак 19 снежня. Але рэжым распрануў іх. Не перамог, але зрабіў спробу зламаць дзяўчат, якія ў гадавіну Плошчы зладзілі акцыю ля будынку беларускага КДБ – на месцы, якое самі беларусы стараюцца абыходзіць бокам.

Пасля акцыі невядомыя затрымалі актывістак “Femen” на аўтавакзале ў Менску. Як сцвярджаюць украінкі, у іх адабралі тэлефоны і дакументы, а пасля вывезлі ў лес. Там пагражалі ды здзекаваліся, прымушалі распрануцца дагала і трымаць плакаты са свастыкаю. Затым выкінулі з аўтамабіля голымі ў лесе. Дзяўчаты дабраліся да найбліжэйшай вёскі ды звярнуліся па дапамогу да мясцовых жыхароў. Сёння ўначы ўкраінак дэпартавалі на радзіму. Кіраўнік КДБ, у сваю чаргу, заявіў, што ягоныя людзі актывістак не чапалі, а інцыдэнт ёсць правакацыяй.

Паводле эксперта ў галіне ўкраінскай палітыкі, “Femen” і ў сябе на Радзіме выклікае неадназначныя эмоцыі. “З аднаго боку, дзяўчат падтрымліваюць, бо яны выступілі супраць дыктатарскага рэжыму. Але з іншага – меркаванні ў блогах раздзяліліся: шмат хто кажа, што самая форма пратэсту дыскрэдытуе тыя ідэі, за якія яны змагаюцца. Разам з гэтым, тое, што зрабілі з дзяўчатамі ўлады Беларусі, гэта проста не па-чалавечы”, – кажа спадарыня Паповіч.

Паводле эксперткі, “Femen” збыт часта крытыкуе Віктара Януковіча, таму не трэба чакаць рэзкай рэакцыі з украінскага боку.

belsat.eu

Стужка навінаў