Макей: Ярмошына зрабіла вялікі ўнёсак у развіццё выбарчай сістэмы


21 снежня Савет Рэспублікі даў згоду на чарговае прызначэнне Лідзіі Ярмошынай старшынёй Цэнтрвыбаркаму. Указ прэзідэнта № 575 аб прызначэнні быў падпісаны 13 снежня.

Называючы новага-старога старшыню ЦВК, кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Уладзімір Макей адзначыў, што “яна заўсёды была на віду, асабліва ў перыяд важных палітычных кампаніяў”. “Мы бачылі яе адказны падыход да справы, канкрэтныя вынікі яе напружанай працы”.

Паводле Макея, Ярмошына мае самы вялікі ў краіне досвед арганізацыі выбарчых кампаніяў. Пад яе кіраўніцтвам праведзеныя чатыры кампаніі выбараў у мясцовыя саветы, тры – у Нацыянальны сход, тры – выбараў прэзідэнта і два рэспубліканскія рэферэндумы. Як заявіў Макей, Ярмошына зрабіла вялікі асабісты ўнёсак у развіццё выбарчай сістэмы ў Беларусі.

Лідзія Ярмошына працуе ў складзе Цэнтрвыбаркаму з 1992 года, на пасадзе старшыні – з 1996 года.

Выступаючы перад сенатарамі падчас узгаднення прызначэння, Лідзія Ярмошына адзначыла: “Чым добрая гэтая працэдура? З аднаго боку, яна вельмі хвалюе, з другога – столькі добрага пра сябе пачуеш толькі на ўласным пахаванні. Пры гэтым музыка будзе граць, але ты яе не пачуеш”.

Разважаючы пра тое, чаму ўвесь цяперашні склад Цэнтрвыбаркаму неўязны ў краіны ЕЗ, Ярмошына заявіла: “Выбары – гэта спосаб перадавання ўлады. Калі ўлада не перадаецца ў рукі, пажаданыя для ўплывовых донараў АБСЕ і Еўразвязу, то пад астракізм падпадае орган, які фармальна адказны за правядзенне выбараў, г. зн. Цэнтрвыбаркам”.

Паводле Ярмошынай, ЦВК “навучылася супрацьстаяць любым формам уціску, у тым ліку міжнароднага, і надалей будзе дзеяць з пазіцыі разумнага сэнсу ў інтарэсах выбарнікаў нашай краіны”.

belsat.eu

Стужка навінаў