Ганна Гуцол: мы яшчэ і яшчэ раз прыедзем у Беларусь\r\n


Рух “Femen”, ужо плануе чарговую акцыю пратэсту ў Менску.

Нягледзячы на здзекі, дзяўчаты не шкадуюць пра паездку. «Мы ні на секунду не пашкадавалі, што ездзілі ў Беларусь, нягледзячы на ўсё, што з намі там адбылося. Мы абяцаем, што будзем прыязджаць, распранацца і перамагаць рэжым Лукашэнкі. Будзем ездзіць, падымаць беларускі народ і паказваць, што гэтых вырадкаў не варта баяцца», – заявіла актывістка “Femen” Іна Шаўчэнка.

“Мы будзем настойваць на выгнанні пасла Беларусі з Украіны. Бо мы лічым, што прадстаўнікі ўлады, якая дазваляе сабе выкрадаць людзей, здзекавацца з іх і забіваць людзей, не маюць права быць у нашай краіне”, – кажа Ганна Гуцол.

Пасля акцыі ля будынку КДБ у Менску, тры актывісткі руху перасталі выходзіць на сувязь. Знайшліся яны толькі на наступны дзень у вёсцы Бякі каля мяжы з Украінай. Іх завезлі туды з завязанымі вачыма, збілі і здзекаваліся, здымаючы ўсё на відэакамеру. Пасля дзяўчат выкінулі ў лесе. Яны выйшлі да вёскі, дзе атрымалі прытулак у хаце мясцовага жыхара да прыезду працаўнікоў украінскага пасольства.

У сваю чаргу, старшыня КДБ Беларусі Вадзім Зайцаў назваў інцыдэнт з актывісткамі “Femen” найгрубейшаю правакацыяй. «Развіваецца найгрубейшая правакацыя, характар і мэты якой трэба будзе вызначыць», – заявіў ён. Зайцаў адзначыў, што ягоныя людзі актывістак руху «не чапалі, як бы гэтага камусьці ні хацелася». Паводле кіраўніка КДБ, яны могуць казаць што захочуць, гэта «іхныя выдумкі».

belsat.eu

Стужка навінаў