Гары Паганяйла: Трэба падаваць на Агністыкава ў суд


Ірыне Халіп адмовілі ў спатканні з мужам.

Жонка палітвязня сёння прыехала ў калонію “Віцьба-3” на прадугледжанае законам кароткатэрміновае спатканне з мужам. Аднак пабачыцца з Андрэем Саннікавым ёй не дазволілі, прынялі толькі перадачу, што прывезла Ірына. Паводле жанчыны, кіраўнік калоніі Віталь Агністыкаў заявіў, што “гэта асабіста ягонае рашэнне – не дапускаць да вязня адвакатаў і сваякоў”.

Спадарыня Халіп гаворыць, што згодна з законам вязень не можа быць пазбаўлены юрыдычнай дапамогі, і расцэньвае дзеянні кіраўніка калоніі, як перавышэнне службовых паўнамоцтваў. “Перадачу ў мяне ўзялі, але гэта не даказвае таго, што мой муж жывы”, – хвалюецца Ірына Халіп.

Кіраўнік юрыдычнай камісіі БХК, юрыст і праваабаронца Гары Паганяйла гаворыць, што кіраўнік калоніі можа прыняць рашэнне не дапускаць адваката ці пазбавіць спаткання са сваякамі, але толькі ў выпадку, калі ён ініцыяваў працэдуру прыцягнення вязня да адказнасці. Напрыклад, за парушэнне рэжыму адбыцця пакарання ці распарадку дня.

“На месцы сваякоў палітвязня я б напісаў скаргу на дзеянні Агністыкава спачатку ў Дэпартамент выканання пакаранняў, а потым звярнуўся ў суд. Суд вымушаны будзе запатрабаваць матэрыялы ў справе, якія абгрунтоўваюць законнасць дзеянняў турэмнай адміністрацыі. Тады і сваякі змогуць даведацца, што з Андрэем Саннікавым там адбываецца”, – рэкамендуе Гары Паганяйла.

Трэба, каб вакол гэтай справы было больш галоснасці, а дамагчыся гэтага законным шляхам можна, абскардзіўшы ў судзе дзеянні начальніка калоніі, упэўнены праваабаронца.

Экс-кандыдата на прэзідэнцтва Андрэя Саннікава асудзілі на 5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Адбываў пакаранне ў Наваполацкай калоніі № 10, у Бабруйскай калоніі № 2, потым быў этапаваны ў папраўчую калонію “Віцьба-3”. Праваабарончая арганізацыя «Міжнародная амністыя» прызнала Андрэя Саннікава вязнем сумлення.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары