Агнешка Рамашэўская-Гузы – пра свабоду слова на канферэнцыі ў Патсдаме


У сераду дырэктарка тэлеканалу “Белсат” Агнешка Рамашэўская-Гузы выступіла падчас публічнай дыскусіі “Палітыка і ўлада: свабода прэсы ў Еўропе”, якая адкрыла канферэнцыю “M100 Sansouci Colloquium”.

Канферэнцыя, якая адбываецца ў Патсдаме, штогод збірае дзясяткі галоўных рэдактараў і кіраўнікоў найважнейшых еўрапейскіх медыяў.

Сёлета спатканне адкрыў прэм’ер зямлі Брандэнбург Матыяс Пляцэк.

У сваім уступным слове дырэктарка “Белсату” звярнула ўвагу на сітуацыю з медыямі ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе. Паводле яе, Польшча і іншыя краіны рэгіёну з гледзішча свабоды слова знаходзіцца ў пераходнай сітуацыі. “На жаль, у краінах Цэнтральнай і Усходняй Еўропы праблема палягае не столькі ў існых законах, колькі ў адсутнасць вяршэнства заканадаўства і дэмакратычных звычаяў, якія стаяць на варце свабоды прэсы і медыяў”, – сказала дырэктарка “Белсату”.

Агнешка Рамашэўская-Гузы звярнула ўвагу на становішча журналістаў у гэтай частцы Еўропы. “Журналісты ў нас, у адрозненне ад большасці краінаў на Захадзе, – выключна небяспечная прафесійная група. У пераважнай большасці яны не маюць сталых працоўных кантрактаў, а прафсаюзы – слабыя”. На ейную думку, гэта стварае грунт для “хабарніцтва ў эканамічнай журналістыцы, палітычнага нізкапаклонства і папросту стварае небяспеку для свабоды прэсы”.

Дырэктарка “Белсату” таксама звярнула ўвагу на важную ролю грамадскіх медыяў, якія граюць ролю засцерагальніка. “Гэта яны могуць прэзентаваць свет без азірання на рэкламныя патрабаванні, без ліслівасці перад прымітыўным густам”.

Паводле яе ,уплыў на грамадскія медыі ёсць “смачным кавалкам” для кожнага ўраду, і “вакол іх амаль ва ўсіх краінах ствараюцца пэўныя палітычныя “дамовы”. Пытанне, наколькі глыбока сягае ўплыў палітыкаў і наколькі бессаромна ён рэалізоўваецца”, – заявіла яна. На думку спадарыні Рамашэўскай, у Польшчы цягам апошніх гадоў “працягвацца атака на грамадскія медыі ды паўстаюць новыя менш або больш закамуфляваныя спробы іх продажу ці аслаблення рынкавай пазіцыі”.

Агнешка Рамашэўская-Гузы, згадваючы трагічную смерць беларускага журналіста Алега Бябеніна, звярнула ўвагу на Беларусь і Расею, у якіх вольныя медыі маюць непараўнальна большыя праблемы, чым у астатніх еўрапейскіх краінах.

Дырэктарка “Белсату” звярнулася да прадстаўнікоў заходніх медыяў: “Увага заходніх журналістаў да праяваў парушэння свабоды медыяў і дапамога ім можа быць бясцэннаю”.

Канферэнцыю скончыць цырымонія ўручэння ўзнагароды. Сёлета яе атрымае дацкі карыкатурыст Курт Вэстэргорд, які стварыў серыю працаў аб прароку Мугамэту, што выклікала вялікае абурэнне ў ісламскім свеце. Аўтару пагражалі смерцю. Карыкатурыста ўзнагародзяць за адвагу ў абароне свабоды слова. Падчас цырымоніі выступіць канцлер Федэратыўнай Рэспублікі Нямеччына Ангела Мэркель.

Стужка навінаў