Лябедзька: гэта ганьба для Беларусі ды ўсіх беларускіх мужчынаў


Такое меркаванне старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі выказаў 21 снежня падчас прэзентацыі карцінаў “Галасуй за свабоду!” у Менску.

“Тое, што адбылося, – нейкая прыдуркаватасць уладаў. Гэта яшчэ адна дэманстрацыя таго, што робіцца ў краіне. Я пазнаю почырк. Абсалютна ўпэўнены, што гэта былі тыя ж людзі, якія ў амерыканцы ў СІЗА КДБ са снежня да красавіка бясчынствавалі. Яны камфортна пачуваюцца тады, калі яны ў масках або калі іхная ахвяра ў павязцы”, – зазначыў Лябедзька.

У адказ на тое, што адбылося ў Беларусі з актывісткамі “Femen”, старшыня АГП чакае магутнай хвалі пратэстаў з боку ўсіх феміністак свету. Паводле Лябедзькі, праваабаронцы аб’яднаюцца ў сваёй дзейнасці супраць уладаў Беларусі, што прывядзе да чарговага ціску на беларускае кіраўніцтва і да далейшай самаізаляцыі Беларусі. “Мы сапсуём адносіны калі не з усёй Украінаю, то з яе часткай адназначна. Я чакаю даволі жорсткіх заяваў на ўсіх узроўнях улады. Гэта не дадасць анічога пазітыўнага да ўжо сапсаванага іміджу Беларусі”, – сказаў Лябедзька.

На ягонае меркаванне, улады Беларусі “становяцца на адны і тыя ж граблі”, як і ў выпадку са справаю праваабаронцы Алеся Бяляцкага. “Яны абсалютна не разумеюць, што такое праваабарончы рух. Яны ўлезлі ў мурашнік”, – адзначыў Лябедзька. Ён назваў праваабарончы рух “моцным і ўплывовым лабістам”, які можа ціснуць на палітыкаў і выклікаць чарговае ўзмацненне жорсткасці ў адносінах афіцыйнага Менску.

“Мы сёння на палітрадзе будзем разглядаць падзеі з “Femen” і прымаць адмысловую заяву. На гэта трэба рэагаваць, бо гэта ганьба для Беларусі ды для ўсіх нармальных людзей”, – сказаў Лябедзька.

belsat.eu

Стужка навінаў