МУС заняўся справаю “Femen”


Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі праводзіць правяранне па факце магчымага здзяйснення злачынства ў дачыненні да актывістак ўкраінскага руху “Femen”. Пра гэта паведаміў начальнік упраўлення інфармацыі і грамадскіх сувязяў МУС Канстанцін Шалькевіч.

Паводле яго слоў, праверка праводзіцца па ініцыятыве міліцэйскага ведамства. Як адзначыў Шалькевіч, ні ад дзяўчат, ні ад амбасады Украіны ў Беларусі ніякіх пісьмовых заяў або зваротаў аб здзяйсненні злачынства ў Ельскі РАУС не паступала. “Прэтэнзіяў да супрацоўнікаў міліцыі ў іх не было”, – сказаў ён.

Шалькевіч сказаў, што 20 снежня пасля з’яўлення ў інтэрнэце інфармацыі аб знаходжанні актывістак “Femen” у Ельскім раёне і іх аповяду на месца выязджала следча-аператыўная група МУС.

***

Каля першай гадзіны ночы 21 снежня да задняга ўваходу будынку Ельскага РАУС, дзе былі актывісткі «Femen», пад’ехаў дыпламатычны аўтамабіль з консулам Украіны. Дзяўчат вывелі, пасадзілі ў яго, і машына ў суправаджэнні памежнікаў на «УАЗе» выехала з двара РАУС.

Консул Украіны не пракаментаваў журналістам, якія дзяжурылі ля аддзела міліцыі, што адбываецца, і не паведаміў, куды вязуць дзяўчат. Беларускія памежнікі, якія суправаджалі актывістак, заявілі, што грамадзянак Украіны дэпартуюць на радзіму праз пункт пропуску «Новая Рудня». Факт дэпартацыі пацвердзілі і ў дзяжурнай частцы аддзелу міліцыі.

Актывістак «Femen» міліцыя затрымала ў памежнай зоне ў вёсцы Бекі і даставіла ў Ельскі РАУС. Туды ж прыехаў консул Украіны з копіямі пашпартоў дзяўчат.

У Ельск прыехалі таксама журналісты і гомельскі рэгіянальны лідар руху «За свабоду» Пётр Кузняцоў. Ён пабываў у вёсцы Бекі, куды пасля трохгадзіннага блукання па лесе выйшлі ўкраінкі. «У вёсцы я пабываў у мужчыны, які даў прытулак дзяўчатам, якраз у гэты момант, пасля 21:00, гэтага мужчыну, Аляксандра Шэрага, апытвалі тры міліцыянты. Ён толькі сказаў, што дзяўчаты прыйшлі да яго, папрасілі прасушыць адзежу, бо былі мокрыя, і сагрэцца, і неўзабаве за імі прыехала міліцыя», – растлумачыў Кузняцоў. Ён прыехаў падтрымаць украінак і прывёз ім цёплыя рэчы ды прадукты.

Дзяўчат таксама вазілі на медагляд у мясцовую бальніцу. У момант, калі міліцыя выводзіла актывістак з лякарні, журналістам удалося задаць некалькі пытанняў дзяўчатам. Прадстаўніцы «Femen» паведамілі, што іх затрымалі ўвечары 19 снежня на Усходнім аўтавакзале ў Менску. Іх затрымлівалі шэсць мужчынаў, якія не прадставіліся, але адразу ж насунулі шапкі на вочы актывісткам і павезлі іх у невядомым кірунку.

Паводле дзяўчат, іх вывезлі ў лес, дзе пагражалі і ўсяляк здзекаваліся, прымушалі распранацца дагала, аблілі галовы зялёнкаю, прымушалі трымаць плакаты з фашысцкаю свастыкаю. Усё гэта здымалася на відэакамеру.

У актывістак «Femen» адразу ж пры затрыманні забралі мабільныя тэлефоны і дакументы. У выніку яны апынуліся за 1,5 км ад украінскай мяжы, выйшлі да вёскі Бекі, дзе звярнуліся да мясцовых жыхароў. Пасля прыехала міліцыя і забрала іх у аддзел.

19 снежня ў Менску тры актывісткі «Femen» Іна Шаўчэнка, Аксана Шачко і Аляксандра Нямчынава, агаліўшыся па пояс перад уваходам у будынак КДБ, цягам некалькіх хвілінаў трымалі плакаты з надпісамі «Freedom to political prisoners» («Свабоду палітычным вязням») і «Жыве Беларусь!». Гэты ж лозунг – «Жыве Беларусь!» – яны скандавалі. Акцыя была прымеркаваная да гадавіны разгону апазіцыйнага мітынгу 19 снежня 2010 г., удзельнікі якога былі не згодныя з афіцыйнымі вынікамі прэзідэнцкіх выбараў.

belsat.eu

Стужка навінаў