Прысуды за знічкі – штрафы ды содні арышту


Справы супраць затрыманых 19 снежня ўдзельнікаў акцыі “раскідалі” па некалькіх раённых судах Менску.

“Паводле нашай інфармацыі, справы ўсіх затрыманых разгледжаныя. На жаль, мы ведаем не ўсе выракі, бо людзей раскідалі па розных судах, і мы папросту не паспелі адсачыць”, – распавяла “Белсату” праваабаронца Наста Лойка. Паводле яе, пераважна “правапарушальнікаў” за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве каралі адміністратыўнымі арыштамі.

Згодна з інфармацыяй праваабарончага цэнтру “Вясна”, у Маскоўскім судзе вынеслі выракі Раману Грыцэвічу і Алесю Пяткевічу: 7 дзён арышту кожнаму, Ігар Грыцэвіч атрымаў 3 дні арышту, Юрый Асмалоўскі ды Сяргей Канапацкі – па 10 дзён, Мікалай Казлоўскі – 5 дзён. Галіну Царук аштрафавалі на 20 базавых велічынь.

Суд Партызанскага раёну прысудзіў Ігара Кішка і Рамана Васілеўскага да 15 дзён адміністратыўнага арышту, Міхаіла Мускама і Аляксандра Макаева – да 10 дзён, журналіста газеты “Новы час” Мікіту Броўку таксама асудзілі на 10 дзён арышту. Андрэй Пратасавіцкі, Святлана Завізурына і Яна Медзвядок атрымалі штрафы ад 20 да 25 базавых велічынь.

Суддзя Цэнтральнага раёну Ясіновіч пакараў былога палітвязня Васіля Парфянкова 12 днямі арышту, такі ж тэрмін атрымаў Павел Сяргей.

У судзе Ленінскага раёну разгледзелі справы супраць Міхася Мускага (10 дзён арышту), Змітра Крамінецкага (14 дзён). Аштрафаваныя Арцём Лява (20 базавых велічынь), Кондрусь (імя невядома) – на 30 базавых і Наста Шулейка – на 25 базавых велічынь.

Суд Кастрычніцкага раёну пакараў штрафамі па 30 базавых велічынь Вольгу Паўленку і Настассю Козіч. Былога палітвязня Уладзіміра Яроменка асудзілі на 15 дзён адміністратыўнага арышту. Пасля затрымання актывіста збілі ў міліцэйскім аўтобусе.

Суды ішлі канвеерам, гаворыць галоўны рэдактар газеты “Новы час” Аляксей Кароль. Спадар Кароль прыехаў, каб прысутнічаць на судзе над працаўніком газеты Мікітам Броўкам. Аднак аргументы рэдактара, што журналіст не ўдзельнічаў у акцыі, а выконваў свае прафесійныя абавязкі, суд да ўвагі не прыняў.

Усяго, паводле інфармацыі ГУУС Менгарвыканкаму, 19 снежня затрымалі 46 чалавек. Пасля высвятлення асобаў 14 удзельнікаў акцыі адпусцілі, а ў дачыненні 32 – склалі адміністратыўныя пратаколы паводле артыкулаў Кодэксу аб адміністратыўных правапарушэннях.

belsat.eu

Стужка навінаў