За малітву ля Чырвонага касцёлу даюць арышты


Як паведаміла праваабаронца Наста Лойка, у судзе Маскоўскага раёну сталіцы ўжо прагучалі першыя прысуды.

Юрый Асмалоўскі ды Сяргей Канапацкі асуджаныя на 10 дзён арышту, Раман Грыцэвіч і Алесь Пяткевіч – на 7 дзён, Ігар Грыцэвіч – на 3 дні арышту.

Лойка таксама кажа, што працаўнікі міліцыі адмовіліся прыняць лекі ў сваякоў Ігара Грыцэвіча, які мае анкалагічнае захворванне.

У судзе Партызанскага раёну вынесеныя выракі аднаму з лідараў прадпрымальніцкага руху Менску Аляксандру Макаеву, а таксама Міхаілу Мускаму: абодва яны пакараныя 10 днямі адміністратыўнага арышту. Ігару Кішку прысудзілі 15 дзён.

Арцём Лява і Андрэй Пратасавіцкі аштрафаваныя на 20 базавых велічыняў кожны (700 000 руб.). Анастасія Шулейка – на 25 базавых велічыняў (875 000 руб.).

У судзе Цэнтральнага раёну былы палітзняволены Васіль Парфянкоў пакараны 12 днямі арышту: яго судзілі паводле арт. 17.1 Кодэксу аб адміністратыўных правапарушэннях (дробнае хуліганства).

У судзе Маскоўскага раёну пакаралі Галіну Царук – штраф 20 базавых велічыняў.

У судзе Кастрычніцкага раёну за ўдзел у малітоўнай акцыі аштрафаваныя Вольга Паўленка і Анастасія Козіч – абедзве на 30 базавых велічыняў (1 млн 50 тыс. руб.).

Суд Партызанскага раёну пакараў Святлану Завізурыну і Яну Медзвядок штрафамі на 25 базавых велічыняў (875 000 руб.).

Працэсы праходзяць у судах Маскоўскага, Цэнтральнага, Ленінскага і Фрунзенскага раёнаў. Большасць затрыманых абвінавачаныя на падставе арт. 23.34 Кодэксу аб адміністратыўных правапарушэннях (удзел у несанкцыянаванай масавай акцыі).

Паводле звестак праваабаронцаў, увечары 19 снежня ў Менску затрымалі каля 50 чалавек, якія выйшлі ў цэнтр гораду запаліць свечкі на знак салідарнасці з палітвязнямі, якіх асудзілі пасля леташніх выбараў прэзідэнта.

Разам з тым ГУУС Менскага гарвыканкаму паведаміла пра “больш як трыццаць затрыманых” за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі 19 снежня на плошчы Незалежнасці. Колькі чалавек схапілі ў іншых месцах гораду, сталічная міліцыя не інфармуе.

belsat.eu

Стужка навінаў