Як хутка Беларусь выйдзе з эканамічнага крызісу?


Эканаміст Сяргей Балыкін заўважае, што Беларусь перажывае крызіс не першы, а ўжо сямнаццаты год.

“У фінансавую прорву можна падаць бясконца”, – гаворыць Сяргей Балыкін. Таму тое, ці хутка Беларусь выйдзе з крызісу, залежыць ад жадання ўраду праводзіць рэформы.

“Нашая дзяржава апошнія сямнаццаць гадоў жыве ва ўмовах крызісу. Калі пералічыць курс беларускага рубля з улікам дзвюх дэнамінацыяў, долар будзе каштаваць 80 млн руб. У Зімбабве так грошы не падалі! Нашая валюта, напэўна, самая мяккая на Зямлі”, – гаворыць эканаміст.

Паводле эксперта, перадумовы крызісу былі закладзеныя ў сістэме, якую пачаў будаваць Вячаслаў Кебіч (не без дапамогі некаторых цяперашніх лідараў апазіцыі), а ўдасканаліў Аляксандр Лукашэнка. Асноваю сістэмы былі расейскія датацыі, якія дазвалялі стварыць з выгляду паспяховы эканамічны механізм.

Сяргей Балыкін пэўны, што калі б сёлета ў лютым-сакавіку ўрад правёў дэвальвацыю на 20–30 %, курс беларускага рубля стабілізаваўся б – і катастрафічнага трохразовага падзення можна было б пазбегчы.

Ці варта спадзявацца, што ліберальны кірунак у кіраванні эканомікаю ўсё ж пераможа, а ачоліць яго прэм’ер-міністр Міхаіл Мясніковіч? “Спадар Мясніковіч не адыгрываў і не адыгрывае ніякай ролі. Што ён уяўляе сабою як палітычная постаць? Абсалютна нічога… Ён выканаўца, праваднік чужой волі, чалавек, здольны падстройвацца пад кіроўную лінію. Мне казалі, што з нейкіх нязначных мімічных сігналаў ён вызначаў жаданні прэзідэнта”, – кажа эканаміст Сяргей Балыкін.

belsat.eu

Стужка навінаў