Назіральнікі будуць працаваць і ноччу?


Як распавёў каардынатар кампаніі Сяргей Калякін, у Выбарчым кодэксе пазначана, што назіральнікі маюць права прысутнічаць на ўчастку ў дзень галасавання “з моманту пламбавання скрыняў і да падвядзення вынікаў галасавання”. Аднак правы назіральнікаў падчас датэрміновага галасавання дакладна не прапісаныя. Між тым, зазначае Сяргей Калякін, менавіта вынікі датэрміновага галасавання выклікаюць найбольш нараканняў.

“Падпалкоўнік Казлоў усім нам распавёў, як адбываюцца фальсіфікацыі. Мы хочам перадухіліць гэтыя факты, таму і звярнуліся ў ЦВК”, – патлумачыў Сяргей Калякін.

Прадстаўнікі грамадзянскай кампаніі мяркуюць, што назіральнікі маюць права заставацца на ўчастках ноччу, як і дзяжурны прадстаўнік міліцыі. І просяць Цэнтрвыбаркам давесці гэта ўсім старшыням участковых камісіяў.

На думку Сяргея Калякіна, прысутнасць назіральнікаў на ўчастках не толькі выключыць факты фальсіфікацыяў, але і павысіць аўтарытэт будучых выбараў. Палітык нагадвае, на асобных участках галасаваць датэрмінова прыходзяць да 50% выбарнікаў.

Зварот у ЦВК падпісалі таксама кандыдаты на прэзідэнта Беларусі Віталь Рымашэўскі, Мікалай Статкевіч, Андрэй Саннікаў, Алесь Міхалевіч, Уладзімір Някляеў, Рыгор Кастусёў і Яраслаў Раманчук.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары