Грошы ад кожнай каляднай свечкі пойдуць на падарункі


Гэтак каталікі Беларусі дапамогуць дзецям з незабяспечаных сем’яў.

Гэта досвед каталіцкай дабрачыннай арганізацыі “Карытас” Гарадзенскай дыяцэзіі, якая дзее ў краіне вось ужо сямнаццаць гадоў. Адмысловыя калядныя свечкі вырабляюць менавіта тут. Як паведамілі “Белсату”, коштам яны не адрозніваюцца ад звычайных свечак, якія купляюць вернікі ў касцёлах. “З выгляду адрозненні ёсць. Свечкі большыя памерам, на іх калядны малюнак, і напісана, што грошы ад продажу пойдуць на падарункі дзецям. Да свята Нараджэння Хрыстовага выраблена 15 000 свечак”, – адзначылі ў “Карытас”.

На грошы, якія атрымаюць ад продажу, дабрачынная арганізацыя набудзе салодкія падарункі дзецям. Навагоднія сюрпрызы атрымаюць 4000 дзетак. Намеснік дырэктара арганізацыі Алена Міхалік удакладняе: “У першую чаргу гэта дзеці са шматдзетных і няпоўных сем’яў, а таксама дзеці, чые бацькі хварэюць на алкагалізм. Дзеці-інваліды акрамя салодкіх падарункаў атрымаюць зімовы абутак, яшчэ для іх мы набудзем пуцёўкі на летні адпачынак”. Паводле суразмоўцы, штогод у гарадзенскі “Карытас” звяртаецца больш за 7000 чалавек. Калядныя акцыі сталі ўжо традыцыйнымі.

belsat.eu

Стужка навінаў