“Беларускі прэзідэнт – галоўная пагроза нацыянальнай незалежнасці Беларусі. Гэты чалавек гуляецца гісторыяй беларусаў, як захоча. Хоча – робіць з сябе абаронцу, хоча – прадае краіну з вантробамі”.
Павел Шарамет упэўнены, што найбольшую небяспеку для рэжыму Лукашэнкі ствараюць не заходнія краіны, а Расея. На ягоную думку, у 2012 г. пасля прэзідэнцкіх выбараў у Расеі можа паўстаць шэраг сур’ёзных канфліктаў паміж Менскам і Масквою. “Лукашэнка думае, што здаючы Беларусь Расеі, ён падаўжае сваё палітычнае жыццё ды ўвогуле жыццё. Але ён памыляецца, – гаворыць Павел Шарамет. – Масква запатрабуе перайсці ад фармальных крокаў дзеля здавання незалежнасці да фактычных. Галоўнае ў 2012 г. – як хутка беларусы страцяць сваю краіну, як далёка зойдзе інтэграцыя Расеі ды Беларусі, і як шмат расейцы запатрабуюць за гэты заклад – за Беларусь”.
Галоўным вынікам 2011 г. для Беларусі Павел Шарамет называе “масавае расчараванне” грамадзянаў у кіраўніку краіны. “Ёсць і далёкасяжныя наступствы – напрыклад, сур’ёзная эміграцыя з краіны. І мы, беларусы, паступова ўцягваемся ў момант ісціны. Цяпер можна казаць пра пачатак распаду краіны, – гаворыць Павел Шарамет. – Улады слабыя, яны не маюць ніякіх рэсурсаў – акрамя таго, як прадаць краіну ўсходняму суседу”. Суразмоўца лічыць, што цяпер Беларусь як ніколі блізкая да таго, каб згубіць свой гістарычны шанец на незалежнасць. “Галоўная віна – гады кіравання прэзідэнта Лукашэнкі”, – заявіў Шарамет.
Павел Шарамет падкрэслівае, што беларусы не мусяць спадзявацца выключна на дапамогу суседніх дзяржаваў. “Расея хоча паглынуць Беларусь, гэты імперскі комплекс існуе амаль ва ўсё расейскай эліты – і дэмакратычнай, і рэакцыйнай. У Польшчы – свае погляды і свае планы на Беларусь, – гаворыць Павел Шарамет. – Беларусы мусяць найперш самі паклапаціцца пра сваю будучыню, лавіруючы паміж інтарэсамі суседніх дзяржаваў, выкарыстоўваючы на сваю карысць сітуацыю ў суседніх дзяржавах і знаходзячы хаўруснікаў у іншых краінах”.
belsat.eu