Удзельнікаў акцыі ля Чырвонага будуць судзіць


Удзельнікаў акцыі каля Чырвонага касцёлу ў Менску, што адбылася 19 снежня, будуць судзіць у судах Маскоўскага і Цэнтральнага раёнаў. Пра гэта паведаміла праваабаронца Наста Лойка.

Паводле яе, у судзе Маскоўскага раёну будуць судзіць прыкладна 40 чалавек, затрыманых каля касцёлу. “Што ім інкрымінуюць, пакуль невядома. Хутчэй за ўсё, на іх складзеныя пратаколы на падставе арт. 23.34 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэннях (удзел у несанкцыянаванай масавай акцыі)”, – сказала Лойка.

Яна таксама паведаміла, што затрыманы ў раёне Кастрычніцкай плошчы былы палітзняволены Васіль Парфянкоў паўстане перад судом Цэнтральнага раёну Менску.

Паводле звестак праваабаронцаў, увечары 19 снежня ў Менску было затрымана прыкладна 50 чалавек, якія выйшлі ў цэнтр гораду запаліць свечкі на знак салідарнасці з палітзняволенымі, арыштаванымі пасля леташніх выбараў прэзідэнта.

Асноўныя затрыманні прайшлі на плошчах Незалежнасці, Кастрычніцкай і Якуба Коласа. На плошчы Незалежнасці людзей затрымлівалі непасрэдна каля касцёлу, дзе ў гэты час ішло набажэнства.

belsat.eu

Стужка навінаў