Зміцер Бародка ў “Гарачым каментары”


“Сцэнар Плошчы мог быць больш брутальны”.

Зміцер Бародка, каардынатар грамадзянскай кампаніі “Еўрапейская Беларусь”, давераная асоба кандыдата на прэзідэнцтва Андрэя Саннікава гаворыць, што 19 снежня 2010 г. апазіцыя рыхтавалася да мірнага сцэнара Плошчы. Гэта перашкодзіла прадбачыць усе дзеянні ўладаў.

Тым не менш, паводле Змітра Бародкі, гэты сцэнар мог быць нашмат больш брутальны. Ён упэўнены, што калі б пачаўся штурм Дому ўраду, не ўдалося б пазбегчы чалавечых ахвяраў. У гэтым кантэксце ён падкрэслівае ролю апазіцыйных лідараў, якія заклікалі людзей не паддавацца на правакацыі ды арганізавалі жывы ланцуг, каб гэтага не адбылося.

Аднак арыштаў і збіцця соцень удзельнікаў пратэстаў пазбегчы не ўдалося. Ці не занадта высокі гэта кошт? “Плошча – беларуская нацыянальная традыцыя, кожныя выбары сканчаюцца Плошчаю. Такое існуе і ў іншых краінах. Людзі або выходзяць на вуліцу святкаваць перамогу свайго лідара, чаго мы ніколі не бачылі, калі “перамагаў” Лукашэнка, або людзі выходзяць з пратэстам супраць фальсіфікацыяў і вельмі часта гэтыя пратэсты сканчаюцца перадаваннем улады”, – гаворыць Зміцер Бародка. Ён мяркуе, што сцэнар Плошчы падрыхтаваць немагчыма.

belsat.eu

Стужка навінаў