Замест сокаў – нектар


Дзіцячыя кансервы даражэюць, пры тым, што якасць не паляпшаецца.

Беларускія прадпрыемствы дзіцячых кансерваў перайшлі ад сокаў да нектару. Розніца ў тым, што ўтрыманне садавіны ў апошнім толькі 50 %, астатняе – вада і дадаткі. “Беларуская прадукцыя была добрай якасці, але цяпер зусім не вырабляецца сокаў. У выніку мы вымушаныя набываць замежнае. Расейскія сокі паводле цаны найбольш даступныя: яны даражэйшыя за беларускія, але таннейшыя за польскія ці нямецкія”, – паведамляе маці дваіх дзяцей Вольга Аляксейчык.

Суразмоўца дадае, што апошнімі днямі дзіцячыя кансервы значна падаражэлі. “Пюрэ каштавала 3,5 тыс. руб., цяпер ужо больш за 5 тыс. руб. Стараемся закупацца адразу шмат, каб апярэдзіць чарговыя падаражанні”.

Як патлумачылі на прадпрыемстве дзіцячага харчавання ААТ “Гама смаку”, падаражанне выкліканае імпартнымі сыравінаю ды пакункамі. “Апошні час соку сапраўды не выпускаем, але бліжэйшым часам разгледзім гэтае пытанне і, магчыма, узновім вытворчасць. Аднак каштаваць ён будзе ці не ўдвая даражэй за нектар”, – адзначылі ў аддзеле маркетынгу.

belsat.eu

Стужка навінаў