Прэвентыўны хапун (абноўлена)


У Менску ды іншых гарадах Беларусі пачаліся прэвентыўныя затрыманні актывістаў апазіцыі.

Паводле лідара АГП Анатоля Лябедзькі, у двары ягонага дома засада. На палітыка чакае мікрааўтобус і аўтамабіль “жыгулі” з 5 людзмі ў цывільным.

Наста Палажанка напісала ў сваім Фэйсбуку, што міліцыя не забылася і на яе – службовая машына стаіць пад пад’ездам.

***

Ранкам працаўнікі міліцыі прыйшлі дадому да актывіста грамадзянскай кампаніі “Еўрапейская Беларусь” Максіма Вінярскага. Яны ўвайшлі ў кватэру, калі маці Вінярскага выносіла смецце, і засталіся там, нягледзячы на тое, што Максіма дома не было.

Паводле інфармацыі праваабарончага сайту www.spring96.org, міліцыя таксама спрабуе адшукаць Мікіту Ліхавіда, асуджанага за падзеі 19 снежня ў Менску.

Аб 11:20 каля будынку КДБ быў затрыманы грамадскі актывіст Аляксандр Баразенка. Згодна з наяўнаю інфармацыяй, яго даставілі ў РУУС Цэнтральнага раёну. А 12:50, паведамляюць праваабаронцы, невядомыя затрымалі яшчэ аднаго фігуранта крымінальнай справы аб масавых беспарадках – Сяргея Казакова, таксама каля ягонага дому. Без тлумачэння прычынаў яго пасадзілі ў аўтамабіль і павезлі ў невядомым кірунку. Пазней высветлілася, што ён дастаўлены ў РУУС Ленінскага раёну Менску.

Намесніцу старшыні “Маладога фронту” Насту Палажанку праз тэлефон папярэдзілі з Генеральнай пракуратуры пра недапушчальнасць удзелу ў масавых акцыях і парушэнне правапарадку. Афіцыйнае папярэджанне ў пісьмовай форме абяцалі даслаць поштаю.

На сённяшні вечар у міліцыю дзеля прафілактычнай гутаркі выкліканыя экс-кандыдат на прэзідэнта Уладзімір Някляеў і Ірына Халіп, жонка яшчэ аднаго былога кандыдата на прэзідэнта, фігурантка крымінальнай справы аб масавых беспарадках. Як паведаміла Халіп, у позве пазначана, што яна выклікаецца “дзеля правядзення гутаркі аб захаванні парадку і ўмоваў адбывання пакарання, давання тлумачэнняў адносна сваіх паводзінаў і ладу жыцця”.

У Віцебску затрымалі актывіста апазіцыі Сяргея Каваленку, які цяпер у РУУС Першамайскага раёну гораду. У Горадні фігурант справы аб масавых беспарадках Алесь Кіркевіч таксама выкліканы ў міліцыю на прафілактычную гутарку.

Затрыманні, папярэджанні ды выклікі ў міліцыю грамадскіх актывістаў праваабаронцы звязваюць з запланаванаю на сёння акцыяй, прымеркаванай да гадавіны прэзідэнцкіх выбараў 2010 г.

belsat.eu

Стужка навінаў