Каталіцкім святарам адмаўляюць у беларускай візе


Кожны трэці ксёндз, які служыць у Беларусі, – грамадзянін Польшчы, таму іхнае выгнанне можа стаць сур’ёзным ударам па Касцёле.

“З Пінскай дыяцэзіі адзін святар не атрымаў візы, а таксама з Менска-Магілёўскай дыяцэзіі – гэта святар, які належыць да манаскай супольнасці, і кіраўніцтва пераводзіць яго ў іншую краіну. Ён выехаў, але на ягонае месца не атрымалася зарэгістраваць іншага ксяндза. Некаторыя святары атрымалі візы на тры месяцы, асабліва ў Гарадзенскай і Пінскай дыяцэзіях, а большасць атрымала на паўгода, хоць летась мы мелі візы на год”, – кажа мітрапаліт Менска-Магілёўскай дыяцэзіі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

У свой час улады Беларусі заяўлялі, што да 2014 г. усе польскія святары будуць выдаленыя з тэрыторыі Беларусі. У 2007 г. семярых ксяндзоў нават прымусілі з’ехаць. Сітуацыя часова палепшылася ў 2009 г., калі Беларусь наведаў дзяржаўны сакратар Ватыкану кардынал Тарчызьё Бэртонэ. Пасля перамоваў улады часова спынілі ціск на ксяндзоў і дазволілі будаваць новыя касцёлы. Але сёлета, кажа арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, касцёл зноў адчувае ціск у гэтым пытанні з боку афіцыйнага Менску.

“Белсат” звярнуўся па каментар да Міністэрства замежных справаў Рэспублікі Беларусь. “Беларускі бок мае права самастойна вырашаць, каму даваць, а каму не даваць візаў, – кажа прэсавы сакратар Андрэй Савіных. – Але гэтую сітуацыю не варта разглядаць як сістэмную”.

belsat.eu

Стужка навінаў